Фото: пресс-служба Лукашенко
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ЗША ўзнімалі пытанне аб затрыманнях, якія працягваюцца ў Беларусі, і папаўненні абменнага фонду для гандлю. Паводле яго слоў, ён даў жорсткі адказ і заявіў, што не дапусціць паўтарэння 2020 года.
Лукашэнка заявіў, што на фоне перамоў з ЗША распаўсюджваецца інфармацыя, што ў краіне затрымліваюць новых людзей, «каб мець абменны фонд».
«Вось такую тэму амерыканцы ўзнялі перада мной, на што я ім жорстка адказаў, проста рэзка: “Закон парушыць – будзе сядзець”. Другое, што я ім тады сказаў: “Я не дапушчу паўтарэння 2020 года”. Мы не можам дапусціць разбурэння краіны», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
«Жыць нам няма дзе — толькі тут. І мы павінны прымаць рашэнні. Недзе вы не згодныя, недзе часам крытыкуеце ўладу, перш за ўсё мяне. Але давайце цярпліва да гэтага ставіцца. Не будзем гэта рабіць рэвалюцыйным чынам, таму што гэта прывядзе да самага страшнага — грамадзянскай вайны», — сказаў Лукашэнка.