БРЦ: кітайскія матацыклы па заніжаным кошце завозілі ў РФ праз Беларусь

Беларускі расследавальніцкі цэнтр пры падтрымцы «Рабочага Руху» і «Кіберпартызанаў» апублікаваў расследаванне пра схему паставак кітайскіх матацыклаў праз Беларусь у Расію.

Паводле даных БРЦ, матацыклы-эндура коштам у некалькі тысяч долараў за адзінку траплялі ў Расію праз Беларусь па заніжанай цане. Так, у адной з паставак каля сотні матацыклаў аформілі па 200 долараў за штуку, у другой — па 80 долараў, у трэцяй — па 60 долараў. Заніжэнне цаны дазваляла зэканоміць на мытных плацяжах.

Пастаўкі матацыклаў ішлі праз кампанію «Брандсхандэль». Яе кіраўнік Андрэй Феакцістаў раней працаваў на «Мотавела», а таксама амаль дзесяць гадоў працаваў у кампаніях, звязаных з атачэннем Віктара Шэймана. Іншыя супрацоўнікі «Брандсхандэля» таксама працавалі ў юрыдычных асобах, звязаных з Шэйманам.

Паводле інфармацыі БРЦ, за два гады праз Беларусь увезлі матацыклы намінальным коштам каля 3 млн долараў. Рэальны кошт тавараў мог быць у некалькі разоў большы.

Расследавальнікі лічаць, што прыбытак мог асядаць не толькі ў Беларусі. Пакупнікі матацыклаў пералічвалі грошы не толькі беларускаму рээкспарцёру, але і швейцарскай кампаніі Erop Group AG, якая таксама ўдзельнічала ў схеме з матацыкламі. БРЦ знайшоў такіх плацяжоў амаль на 1,7 млн долараў за 2024 год.

Аўтары расследавання адзначаюць, што ўвоз матацыклаў па заніжаным кошце не толькі забяспечваў узбагачэнне людзей, датычных да схемы, але і ствараў дадатковую канкурэнцыю беларускаму «Мотавела» на адным з яго ключавых рынкаў збыту.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!