Фестываль «Дні Грунвальда 2025». Фота: facebook.com/grunwald
Ініцыятар петыцыі ўсталявання бел-чырвона-белага штандара на Грунвальдскім полі Юры Меляшкевіч заклікае беларусаў прыехаць на польскі фестываль «Dni Grunwaldu 2026» 15 ліпеня і падтрымаць ініцыятыву сваёй прысутнасцю і бел-чырвона-белымі сцягамі.
У 1410 годзе аб’яднаныя сілы Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага атрымалі перамогу над Тэўтонскім ордэнам. Значны ўклад у гэтую перамогу зрабілі і харугвы, сфармаваныя на беларускіх землях.
Нагадаем, што група беларускіх актывістаў у Польшчы звярнулася да кіраўніцтва «Музея Бітвы пад Грунвальдам» з петыцыяй, у якой просіць усталяваць побач з польскім, літоўскім і ўкраінскім сцягамі таксама беларускі бел-чырвона-белы штандар. На думку аўтараў звароту, гэта стане актам гістарычнай справядлівасці, ушанаваннем удзелу беларусаў у Грунвальдскай бітве і сімвалам салідарнасці з беларускім народам, які і сёння працягвае барацьбу за свабоду і незалежнасць, адзначае ініцыятар петыцыі і выконваючы абавязкі старшыні Партыі БНФ Юры Меляшкевіч.
У размове з Яраславам Іванюком для Беларускай службы Польскага радыё Юры Меляшкевіч расказаў, што ідэя петыцыі прыйшла дзякуючы ініцыятыве Алеся Лагвінца, які разам з паплечнікамі быў на папярэдніх імпрэзах Грунвальдзкага фэста з нагоды перамогі на Грунвальдскім полі. «Яны звярнулі ўвагу на тое, што стаяць тры штандары: польскі, літоўскі і ўкраінскі і, зразумела, што на гэтым полі не стае беларускага штандару, які абазначаў бы ўдзел беларускіх харугваў у пераможнай бітве», – патлумачыў Меляшкевіч.
Бо перамога над Грунвальдам «сведчыць пра гістарычную справядлівасць, пра тую салідарнасць, якая прыносіць перамогу, гэта пра тое, як людзі могуць абараняць сваю зямлю, каб жыць на ёй так, як яны лічаць патрэбным. Гэта гісторыя поспеху, нашага сумеснага поспеху. І вельмі важны гістарычны ўрок, які трэба кожны раз паўтараць, памятаць і вучыцца браць адтуль гэты досвед салідарнасці», – мяркуе аўтар петыцыі.
Дні Грунвальда 2026 года пройдуць з 15 па 18 ліпеня на Грунвальдскім полі, а галоўнай падзеяй стане пастаноўка бітвы пры Грунвальдзе, якая адбудзецца 18 ліпеня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram