Фото: пресс-служба Лукашенко
Бразілія хоча нарасціць закупкі калійных угнаенняў у Беларусі. Пра гэта пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў пасол Бразіліі Бернард Клінгл.
“Мы хочам не толькі працягнуць пастаўкі беларускіх калійных угнаенняў у нашу краіну, але і нарасціць іх.
Мы ведаем, што беларускія ўгнаенні вельмі высокай якасці, і ў Салігорску, на нашу думку, вырабляюць самыя лепшыя для нас па якасці калійныя ўгнаенні”, — сказаў ён.
Трэба адзначыць, што раней Бразілія ўваходзіла ў лік галоўных пакупнікоў беларускага калію. Паводле даных бразільскай статыстыкі знешняга гандлю, у мінулым годзе пастаўкі ўгнаенняў з Беларусі былі мінімальнымі. Асноўнымі крыніцамі імпарту калію былі Расія, Канада і Ізраіль. У той жа час у 2024-м з Беларусі было імпартавана ўгнаенняў на 44 млн долараў, у 2023-м — на 349 млн долараў, а ў 2019-м — на 568 млн долараў.
Паводле даных, якія прывяла БелТА, у студзені — лістападзе мінулага года тавараабарот паміж Беларуссю і Бразіліяй склаў 766 млн долараў, павялічыўшыся на 25%. Пры гэтым беларускі экспарт перавысіў 700 млн долараў. У Бразілію пастаўляюцца ў асноўным калійныя і азотныя ўгнаенні, рэнтгенаўская апаратура, ільняныя тканіны, кантрольныя або вымяральныя прыборы, профільныя праектары. У Беларусь з Бразіліі імпартуюцца пераважна спецыфічныя тавары, кава, замарожаная ялавічына, ацыклічныя спірты, сокі.
Клінгл таксама адзначыў, што падчас сустрэчы ішла гаворка пра пастаўкі беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама пра стварэнне зборачных вытворчасцяў. Са свайго боку Бразілія гатовая прапанаваць Беларусі авіяцыйную тэхніку.
“Мы спадзяёмся гэтае супрацоўніцтва аднавіць. Вядома, тут усё залежыць не толькі ад Беларусі і Бразіліі, тут трэба разглядаць у цэлым палітычны кантэкст. Нам падаецца, што нам удасца пераадолець тыя праблемы, якія застаюцца, бо мы лічым, што супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Embraer будзе ўзаемавыгадным. Мы вырабляем самыя лепшыя самалёты, а Беларусь гатовая прапанаваць нам вельмі вялікі рынак — прастору не толькі Беларусі, але і СНД”, — сказаў ён.
Нагадаем, нядаўна ЗША аслабілі санкцыі ў дачыненні да «Белавія», аднак цалкам яны не знятыя.