Польшча прапанавала саюзнікам па NATO разгледзець магчымасць перахопу расійскіх ракет над тэрыторыяй Украіны, калі яны ляцяць у кірунку тэрыторыі краін альянсу. Пра гэта піша Bloomberg са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.
Варшава выступіла з такой ініцыятывай пасля таго, як на мінулым тыдні на тэрыторыі Польшчы ўпалі абломкі трох расійскіх ракет.
Паводле звестак агенцтва, прапанова была вынесеная на абмеркаванне 23 лістапада на сустрэчы паслоў краін NATO ў Бруселі. Паведамляецца, што некаторыя дзяржавы падтрымалі ініцыятыву Польшчы, аднак абмеркаванне мела папярэдні характар і ніякіх рашэнняў прынята не было.
Нагадаем, 20 лістапада абломкі трох аб’ектаў былі выяўленыя ў раёне населеных пунктаў Маладыч (Яраслаўскі павет), Руднік-над-Санам (Ніскаўскі павет) і Новы-Ліпавец (Білгарайскі павет). Па выніках агляду месцаў падзення Акруговая пракуратура ў Любліне паведаміла, што ва ўсіх трох выпадках гаворка ідзе пра абломкі расійскіх крылатых ракет Х-101. Паводле папярэдніх звестак, усе тры ракеты былі вырабленыя ў чацвёртым квартале 2026 года на заводзе ў Дубне.