У Польшчу заляцелі расійскія ракеты і рэактыўны дрон – Мінабароны

Польскую паветраную прастору сёння парушылі расійскія ракеты і рэактыўны дрон. Пра гэта на прэс-канферэнцыі заявіў міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

“Адбылося парушэнне польскай паветранай прасторы і ўварванне аб’ектаў Расійскай Федэрацыі, якая атакавала ў гэтым выпадку таксама Рэспубліку Польшча праз тэрыторыю Украіны. Дзейнічала расійская далёкая авіяцыя, якая запускала як ракеты «Кінжал», ракеты Х-101, так і вельмі вялікую колькасць рэактыўных і класічных беспілотнікаў”, – сказаў ён.

Ён пацвердзіў, што абломкі трох аб’ектаў былі выяўленыя ў раёне трох населеных пунктаў: Маладыч (Яраслаўскі павет), Руднік-над-Санам (Ніскаўскі павет) і Новы-Ліпавец (Білгарайскі павет). У апошнім выпадку гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра крылатую ракету Х-101.

“У апошнім выпадку мы ўжо можам сказаць з вялікай верагоднасцю, што гэта была ракета Х-101 — ракета, якая парушыла польскую паветраную прастору і была выяўленая ў гэтым месцы. У другім выпадку таксама можна казаць пра ракету, у трэцім, хутчэй за ўсё, гэта рэактыўны дрон”, – сказаў ён.

Паводле яго слоў, польская СПА знаходзілася ў павышанай гатоўнасці з учарашняга вечара.

“Усю ноч дзейнічалі нашы і саюзніцкія дзяжурныя пары: польскія F-16 і шведскія Gripen. У паветры ў распараджэнні нашых пілотаў знаходзіўся самалёт-запраўшчык нідэрландскіх ВПС. Таксама была задзейнічаная наша сістэма разведкі — самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення Saab, які дзейнічаў у раёне Падкарпацкага і Люблінскага ваяводстваў”, – сказаў ён.

Камандуючы Аперацыйным камандаваннем Узброеных Сіл Ірэнэуш Новак дадаў, што польская СПА фіксавала 11 аб’ектаў, якія патэнцыйна маглі заляцець у Польшчу. У выніку ў паветраную прастору краіны заляцелі тры аб’екты.

Пілоты Gripen спрабавалі перахапіць адзін з аб’ектаў, верагодна, крылатую ракету.

“Быў аддадзены так званы condition-based order — гэта значыць папярэдні дазвол пілотам прымаць рашэнне аб знішчэнні аб’ектаў. Шведскія пілоты зрабілі спробу перахопу, хутчэй за ўсё, ракеты Х-101. Адзін з іх далажыў на нашым авіяцыйным слэнгу: probable quail, гэта значыць верагодная крылатая ракета, negative VID — гэта значыць у гэты момант ён не меў магчымасці выканаць візуальную або оптаэлектронную ідэнтыфікацыю аб’екта з-за надзвычай складаных умоў надвор’я, якія ў той момант назіраліся ў гэтым раёне”, – расказаў Новак.

Ён удакладніў, што ўзбраенне пілотамі ў выніку не ўжывалася.

Касіняк-Камыш адзначыў, што радыёлакацыйныя меткі, якія адпавядаюць рэактыўным дронам і крылатым ракетам, вельмі падобныя, таму дакладная інфармацыя аб аб’ектах будзе прадстаўленая пасля вывучэння іх абломкаў. У паветранай прасторы Польшчы яны знаходзіліся да трох хвілін.