Блогера Аляксандра Лапшына затрымалі ў Ерэване па запыце Беларусі ў шосты раз

Блогер Аляксандр Лапшын быў затрыманы 19 сакавіка ў аэрапорце Ерэвана па запыце беларускіх уладаў. Ён накіроўваўся ў Страсбург па прававых пытаннях, піша “Радыё Свабода”.

«Я вылятаў з Ерэвана, і мяне зноў затрымалі па запыце Беларусі, ужо шосты раз. Беларусь абнавіла абвінавачанне. Таму што па папярэднім Генпракуратура Арменіі вынесла рашэнне зняць вышук. Што зрабіла Беларусь? Яны даслалі новы вышук. Па абсалютна тых жа самых абвінавачаннях — абраза Лукашэнкі, заклікі да чагосьці. Стандартны набор. І мяне зноў затрымалі. На гэты раз было вельмі па-хамску з боку Службы нацыянальнай бяспекі Арменіі», — расказаў ён.

Паводле яго слоў, падчас затрымання ён паспеў выклікаць паліцыю, якая прыехала праз тры гадзіны. Пасля гэтага блогера адпусцілі, аднак на свой рэйс ён спазніўся.

«Мяне вызваліла паліцыя, паліцэйскія патлумачылі, што вышук у дачыненні да мяне зняты. Але самалёт паляцеў без мяне. Я ляцеў у Страсбург па прававых пытаннях. Зараз зноў у Ерэване, буду купляць новыя дарагія білеты», – паведаміў ён.

Лапшын мае намер падаць іск супраць памежнай службы Арменіі і запатрабаваць кампенсацыю.

Праблемы Лапшына з беларускімі ўладамі пачаліся ў 2016 годзе, калі яго затрымалі ў Беларусі і перадалі Азербайджану ў сувязі з крымінальнай справай аб наведванні Нагорнага Карабаха. У Азербайджане блогера прыгаварылі да трох гадоў зняволення, аднак у верасні 2017 года ён быў памілаваны Ільхамам Аліевым і з’ехаў у Ізраіль. Пасля вызвалення Лапшын падаў скаргу ў ААН, дзе парушэнне яго правоў было прызнана.

У лютым 2026 года армянскі суд прызнаў, што беларускія абвінавачанні супярэчаць армянскім прававым нормам, аднак спыніць затрыманні блогера падчас яго візітаў у краіну не ўдалося.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!