Фото: G20
Міністры фінансаў ЗША і Расіі Скот Бесент і Антон Сілуанаў выказаліся пра сваю сустрэчу, якая адбылася ў рамках саміту G20.
Скот Бесент, адказваючы на пытанне пра размову, выступіў у абарону такой сустрэчы.
«Прэзідэнт Трамп кажа, што яму падабаецца ладзіць з усімі. Я думаю, што калі справа даходзіць да гэтага жахлівага канфлікту паміж Расіяй і Украінай, калі бакі не будуць размаўляць, калі мы не будзем узаемадзейнічаць, як яго можна будзе вырашыць?» – сказаў ён.
Ён дадаў, што разумее негатыўную рэакцыю еўрапейскіх партнёраў.
«Я ведаю, што ў некаторых еўрапейцаў застаўся непрыемны асадак з гэтай нагоды, але я лічу, што вельмі важна ўмяшацца. У адваротным выпадку, калі абодва бакі апынуцца ў бязвыхадным становішчы, рашэння гэтага жахлівага канфлікту ніколі не будзе», – сказаў ён.
Паводле слоў Бесента, падчас саміту ён таксама абмяркоўваў з РФ і Кітаем спыненне дапамогі Ірану. Раней паведамлялася, што амерыканскі міністр на сустрэчы з Сілуанавым падкрэсліў: ніякага супрацоўніцтва не будзе, пакуль працягваецца вайна.
Сілуанаў у інтэрв’ю “Вестям” выкарыстаў абцякальныя фармулёўкі, адказваючы на пытанне пра перамовы.
“Мы першы раз сустракаліся з спадаром Бесентам. Мы пазнаёміліся адзін з адным, гэта станоўча. Дамовіліся пра тое, што ёсць асновы для таго, каб развіваць нашы фінансавыя адносіны. Зразумела, што гэта няпроста цяпер, усё ж цяпер паміж нашымі краінамі ёсць пэўнае напружанне.
Гэта з аднаго боку. А з другога боку, мне здаецца, што заўсёды і фінансісты могуць знайсці пункты збліжэння, можа быць, нават хутчэй, чым палітыкі. Таму трэба заўсёды размаўляць, трэба працягваць дыялог, калі мы знойдзем агульныя пункты судакранання – а яны ёсць – трэба іх развіваць, і тады і палітычныя пытанні будуць лягчэй вырашацца”, – сказаў ён.