Кіраўнік Мінфіна ЗША заявіў расійскаму калегу, што вайна павінна скончыцца

Міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў прыняў удзел у профільным саміце G20. У яго таксама адбылася сустрэча з кіраўніком амерыканскага фінансавага ведамства Скотам Бесентам.

Паводле паведамлення расійскага боку, Сілуанаў і Бесент абмяркоўвалі «пытанні расійска-амерыканскага ўзаемадзеяння па фінансавым трэку і пытанні ўзаемадзеяння ў рамках «Групы 20».

Як расказала Politico намеснік міністра фінансаў ЗША па міжнародных справах Эрын Браўн, Сілуанаў быў запрошаны на саміт па ініцыятыве Белага дома. Бесент і яго расійскі калега правялі “прадуктыўную сустрэчу”. Яны абмяркоўвалі «план Трампа па забеспячэнні міру і эканамічнага росту». Пры гэтым Бесент перадаў Сілуанаву, што “вайна павінна скончыцца, і мы хочам мірнага зыходу».

Яшчэ адна крыніца выдання, якая пажадала застацца ананімнай, падзялілася падрабязнасцямі. Паводле яе слоў, калі Сілуанаў «паспрабаваў абмеркаваць сферы, якія ўяўляюць цікавасць для прыняцця мер, дзяржсакратар Бесент рэзка перапыніў яго і заявіў, што нічога немагчыма, пакуль вайна не скончыцца».

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у панядзелак, адказваючы на пытанні журналістаў, выступіў у абарону рашэння запрасіць расійскага міністра.

«Нам падабаецца ладзіць з усімі. Адна з прычын майго поспеху — гэта тое, што я лажу з усімі», – сказаў ён.

Удзел Сілуанава пры гэтым не выклікаў энтузіязму ў прадстаўнікоў еўрапейскіх дзяржаў. У прыватнасці, яны дамагліся таго, каб групавое фота міністраў было зроблена без расіяніна.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!