Скриншот видео t.me/krepostfortuvd
42-гадовы жыхар Брэста на кітайскім пазадарожніку зладзіў дрыфт на полі з пасевамі элітнай пшаніцы і апынуўся ў міліцыі. Відэаролік быў апублікаваны ў адным з чатаў і трапіў у поле зроку супрацоўнікаў Брэсцкага РАУС.
Як высветлілася, у якасці пляцоўкі для дрыфту аўтар відэа выбраў сельскагаспадарчае поле каля вёскі Страдзеч Брэсцкага раёна з пасевамі элітнай пшаніцы. Як сцвярджаюць ва УУС Брэсцкага аблвыканкама, пасевы былі пашкоджаныя, а шкода мясцоваму сельскагаспадарчаму прадпрыемству склала 1400 рублёў.
Было ўстаноўлена, што за рулём знаходзіўся берасцеец, які займаецца продажам аўтамабіляў. Для рэкламы новага аўто ён звязаўся з блогерамі, якія дапамаглі са здымкамі і размясцілі ў сваёй групе знятае відэа.
Супрацоўніцам міліцыі мужчына растлумачыў, што з-за снегу не змог зразумець, што менавіта расце на полі, на якое ён заехаў для дэманстрацыі магчымасцей аўто.
“Віну сваю ён прызнаў і раскаяўся. У бліжэйшы час яго дзеянням будзе дадзеная прававая ацэнка”, — заявілі ва УУС.