BELPOL: Індыя закупіла ў Беларусі 100 дронаў-камікадзэ «Міратворац»

Беларуская ініцыятыва былых сілавікоў BELPOL апублікавала дакумент, які даказвае закупку Індыяй 100 адзінак дронаў-камікадзэ «Міратворац» беларускай вытворчасці. Пакупніком па кантракце выступіла індыйская кампанія SMPP AMMUNITION PVT. LTD.

“Фактычны аб’ём пастаўкі складае каля 100 беспілотных лятальных апаратаў. Перамовы пра магчымыя пастаўкі пачаліся ў жніўні 2025 года, а сам кантракт быў падпісаны ў кастрычніку 2025 года. Прыёмачныя мерапрыемствы прайшлі ў перыяд з 22 па 25 кастрычніка 2025 года”, — паведаміў BELPOL.

Пакупніком па кантракце выступіла індыйская кампанія SMPP AMMUNITION PVT. LTD. Прадаўцом стала дзяржаўнае знешнегандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Белспецзнештэхніка», якое ўваходзіць у структуру Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Раней каляваенны рэсурс «Indian Defence Research Wing» (IDRW) паведаміў пра закупку Індыяй партыі беларускіх беспілотнікаў «Беркут-БМ».

«Індыйская армія закупіла беларускі беспілотны лятальны апарат Berkut-BM у версіі Mirotvorets», — гаварылася ў паведамленні.

Беспілотнік «Беркут-БМ» распрацавала беларуская кампанія КБ «INDELA». На іх сайце пазначана, што «Беркут-БМ» — нібыта робатызаваная паветраная мішэнь з размахам крыла 2,8 м, масай 33 кг, турбарэактыўным рухавіком, парашутнай сістэмай выратавання, хуткасцю 450 км/г.

У 2017 годзе КБ «INDELA» ажыццявіла рэарганізацыю, стаўшы КБ «Беспілотныя Верталёты» з брэндам «UAVHELI».

Мадыфікацыя «Міратворац» — беспілотны самалёт-камікадзэ з турбарэактыўным рухавіком, размахам 2,8 м, далёкасцю 180 км, баявой часткай 10 кг. Доследныя ўзоры былі вырабленыя ў 2021 годзе. У цяперашні час запушчаны ў серыйную вытворчасць.

Вядома, што беларускі беспілотнік абсталяваны кампактнымі мікратурбарэактыўнымі рухавікамі кітайскай вытворчасці кампаніі «Swiwin».

Год таму Reform.news паведамляў, што паўстанцы з групоўкі М23 у аэрапорце Гомы (найбуйнейшы горад на ўсходзе ДРК) захапілі партыю ваеннай тэхнікі, у тым ліку упакаваныя ў драўляныя скрыні новыя БПЛА «Беркут-БМ».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!