Матвей Беляй. Фото, опубликованное ГУБОПиК
У красавіку 2025 года сілавікі сцвярджалі, што беларус Матвей Бяляй быў дэпартаваны з Літвы ў Беларусь. Праваабарончы цэнтр «Вясна» высветліў, што Бяляй вярнуўся на радзіму сам. У Беларусі яму прызначылі прымусовае лячэнне.
У 2021 годзе ў Беларусі Бяляя судзілі па артыкуле аб хуліганстве — у сакавіку 2021 года ён нанёс удар малатком па дзвярах Дома ўрада. Яму прызначылі прымусовае лячэнне.
Пазней Бяляй перабраўся ў Літву. Там яго затрымалі за інцыдэнт з беларускім пасольствам: у красавіку 2023 года ў будынак кінулі запаленую лампадку. У студзені 2024 года літоўскі суд прысудзіў Бяляя да 11 месяцаў папраўчых работ. Улічваючы тэрмін, які Бяляй правёў пад вартай да суда, суд у Вільнюсе пастанавіў, што мужчына ўжо адбыў пакаранне.
У сакавіку 2025 года сацсеткі Бяляя перасталі абнаўляцца. А ў пачатку красавіка блізкі да ГУБАЗіК тэлеграм-канал заявіў, што ён дэпартаваны з Літвы.
Паводле інфармацыі «Вясны», Бяляй вярнуўся ў Беларусь сам. 10 сакавіка 2025 года яго затрымалі ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай яшчэ ў 2023 годзе.
Увосень 2025 года Бяляя судзілі па ч. 1 арт. 342 КК (“Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”), ч. 4 арт. 16 арт. 341 КК (“Падбухторванне да псавання маёмасці або апаганьвання будынкаў”), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Суд Барысаўскага раёна прызначыў яму прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары з узмоцненым назіраннем.
Варта адзначыць, што Бяляй мае неадназначную рэпутацыю. Знаёмыя з ім актывісты заяўлялі, што ён адкрыў некалькі збораў у розных фондах, збіраў грошы па дыяспарах у некалькіх краінах, дэбашырыў у шелтарах, паводзіў сябе агрэсіўна.