Фото: Reform.by
АЗС “Беларуснафты” павялічылі продажы паліва ў заходнім памежжы на фоне росту цэн у суседніх краінах. Як паведамляе Neft.by, продажы ў цэлым па заходнім памежжы выраслі на 20% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а на асобных запраўках — у 2-3 разы.
“Апярэджанне рэалізацыі ў памежжы складае да 15% адносна іншых аб’ектаў, што для прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад «Беларуснафты» і ажыццяўляюць продаж паліва, вельмі добра – для нас гэта дадатковыя продажы. Пры гэтым мы, безумоўна, гатовыя да такога павелічэння рэалізацыі – дадатковыя тона-дзве рэалізацыі на аб’екце ў суткі лёгка забяспечваюцца і сфарміраванай лагістыкай дастаўкі нафтапрадуктаў, і выбудаванай сістэмай набыцця і паставак паліва з беларускіх НПЗ”, – пракаментаваў начальнік аддзела рэалізацыі нафтапрадуктаў “Беларуснафты” Арсеній Шумель.
Трэба адзначыць, што нядаўна цэны на паліва таксама былі павышаны і ў Беларусі. Яны выраслі на 4 капейкі. Дадатковым фактарам росту попыту магло стаць і вяртанне грузавікоў літоўскіх перавозчыкаў, якія ўтрымліваліся ў Беларусі з восені мінулага года.