Фото: Thomas Dumortier / Unsplash.com
Беларускія прадпрыемствы ў першым квартале звольнілі больш чалавек, чым прынялі на працу. На гэта ўказваюць дадзеныя Белстата. У справаздачу не ўключаюцца звесткі аб мікра- і малых прадпрыемствах без ведамаснай падпарадкаванасці.
Усяго ў сакавіку былі прыняты на працу 57,52 тыс. чалавек, а звольнены — 59,06 тыс. Колькасць звольненых перавысіла колькасць прынятых на працу на 1544 чалавекі.
Колькасць працаўладкаванняў у параўнанні з сакавіком 2025 года вырасла на 9,8%, а звальненняў — на 12,2%.
Па выніках першага квартала беларускія прадпрыемствы прынялі на працу 147,86 тыс. чалавек, а звольнілі 149 тыс. Баланс склаўся на карысць звальненняў. Іх было на 1141 больш.
У студзені-сакавіку колькасць працаўладкаванняў вырасла на 3%, а звальненняў – на 7,2%.
У сакавіку баланс на карысць звальненняў склаўся ў апрацоўчай прамысловасці (-1484), гандлі (-293), транспарце і лагістыцы (-1129), дзяржаўным кіраванні (-16), адукацыі (-308), ахове здароўя (-486).
Баланс на карысць працаўладкаванняў у сакавіку склаўся ў сельскай, лясной і рыбнай гаспадарках (+1095), будаўніцтве (+1223), інфармацыі і сувязі (+175).
Па выніках трох месяцаў звальнялі больш, чым прымалі на працу, у апрацоўчай прамысловасці (-2362), ахове здароўя (-938), транспарце і лагістыцы (-2185), гандлі (-681), адукацыі (-140).
У студзені-сакавіку баланс на карысць працаўладкаванняў склаўся ў сельскай, лясной і рыбнай гаспадарках (+1072), будаўніцтве (+2235), інфармацыі і сувязі (+515), дзяржаўным кіраванні (+108).