Фота: скрыншот з відэа выступу Znich на польскім шоу.
Беларускі фольк-метал гурт Znich выступіў на папулярным польскім талент-шоу Must Be the Music (Polsat). Выступ выклікаў палярныя меркаванні: пакуль адны суддзі прызнаваліся ў страху, іншыя абаранялі арыгінальнасць беларусаў, а гледачы ў сацсетках учынілі сапраўдны бунт.
Must Be the Music (Tylko muzyka) — адзін з самых рэйтынгавых музычных праектаў Польшчы, дзе шукаюць не проста вакалістаў, а артыстаў з уласным тварам. У бягучым сезоне ў крэслах журы сядзяць рэпер Miuosh, рок-музыка Себасцьян Карпель-Булэцка (Sebastian Karpiel-Bułecka), спявачка Наталля Шрэдэр (Natalia Szroeder) і поп-выканаўца Давід Квяткоўскі (Dawid Kwiatkowski). Каб прайсці далей, трэба атрымаць мінімум тры «ТАК».
Фольк-метал бэнд Znich на чале з Алесем Таболічам выканаў на шоу кампазіцыю «Сёння ў нас Купала». І выступ гурта адначасова шакаваў і заінтыгаваў студыю. Суровы гроўлінг, нізкія гітарныя рыфы, магутная рытм-секцыя, змрочныя маскі-крабошкі стварылі атмасферу старажытнага рытуалу.
Рэакцыя журы была супярэчлівай. Наталля Шрэдэр не хавала спалоху падчас выступу, але ў выніку сказала «ТАК». Яна прызналася, што адчула ў гэтых спевах нешта магічнае і першабытнае, што здолела яе захапіць насуперак страху. Нечаканай стала і падтрымка ад Давіда Квяткоўскага — аднаго з самых папулярных поп-выканаўцаў Польшчы. Здавалася б, артыст, які працуе ў зусім іншым жанры, павінен быў адхіліць цяжкі метал, але Давід ацаніў смеласць і якасць беларусаў, даўшы ім сваю згоду.
Аднак Miuosh і Себасцьян Карпель-Булэцка прагаласавалі «НЕ», што пакінула гурт па-за межамі паўфіналу (вынік 2:2). Гэтае рашэнне і стала штуршком для хвалі абурэння ў сацсетках.
Гледачы Polsat пад відэа выступу падзяліліся на «этнографаў» і тых, каму проста бракавала «мяса» на фоне папсы. Частка горача падтрымала Znich, частка ўчыніла «разбор творчых палётаў».
«Пералытаванне рытуалаў. Калі вы бераце Ноч Купалы, вы несяце пэўны код: стыхійнасць, агонь, ваду, плоднасць, лета і рух. Калі дадаяце да гэтага крабошкі і эстэтыку Дзядоў, з’яўляецца скрыгатанне, бо гэта зусім іншая энергія: продкі, цень, роздум, пераход, смерць. Для мяне гэта мега-памылка — замест суцэльнасці выйшла рытуальная зупа», — выказала крытыку ў боку гурта глядачка Мажэна Войцік (Marzena Wójcik).
«Трохі іх пакрыўдзілі. Была нічыя ў вердыкце — дык чаму не было дадатковага раўнда? Адсеялі цікавы гурт (на фоне тых, што выступалі дагэтуль) і спраўных музыкаў. А ў паўфіналах зноў усё будзе па схеме: абавязкова спяваючыя дзеці, фальклор, слязлівая гісторыя, рэп ці поп?», — асудзіў несправядлівасць рашэння Барталамей Малішэўскі (Bartłomiej Maliszewski).
«Жахлівае рашэнне паноў Мілаша і Себасцьяна. На фоне ўсіх гэтых салодкіх музычных ландрынак і пустых выступаў бягучага сезона, гэты гурт быў як добра прыпраўлены кавалак музычнага мяса, пасля якога хочацца чарку чыстай гарэлкі. Але відаць такія зараз устаноўкі — даваць шанцы выканаўцам, скапіяваным на музычным псеўдапапсовым станку», — далучыўся да галасоў падтрымкі карыстальнік Пётр Вайтовіч (Piotr Wójtowicz).
«Як жа я люблю славянскі фольк, а ў спалучэнні з металам люблю яшчэ больш. Была ўпэўненая, што яны пройдуць, а тут… Ды ну яго, гэты праект! У мяне яны ўжо ў плэйлісце», — не хавала захаплення і Эдзі Альшэўска (Edi Olszewska).
Нягледзячы на спрэчны вердыкт журы, музыкі «Зніча» не згубілі прысутнасці духу. Больш за тое — яны нібыта далі завочны адказ тым, хто крытыкаваў іх за «змешванне Купалля і Дзядоў».
Акурат сёння, 21 красавіка, на Радуніцу, гурт анансаваў працу над новым кліпам, які будзе прысвечаны менавіта тэме радавода і сувязі з прашчурамі.
«Сёння, 21 красавіка, Радуніца — святы дзень памінання ўсіх нашых прашчураў, дзядоў і бацькоў, якія сышлі ў вырай, у нябыт, але назаўжды засталіся ў нашай памяці і сэрцах. Гэта дзень радаснай сувязі паміж жывымі і тымі, хто абараняе нас з-за мяжы відавочнага.
Мы, гурт «ZNICH», хочам падзяліцца важнай навіной: мы рыхтуем новы кліп, які сімвалізуе гэтую непадзельную сувязь з нашымі продкамі, іх духам, зямлёй і кроўю. Гэта будзе відэапраца, якая адлюстроўвае наша разуменне радавода — як полымя, што ніколі не згасае.
Памятайце сваіх. Дзякуй продкам за сілу, што жыве ў нас», — напісалі музыкі ў сваіх сацсетках і анасавалі свой канцэрт у Гдыні 20 чэрвеня.
Znich (Зніч) — адзін з найстарэйшых і самых вядомых гуртаў на беларускай метал-сцэне, заснаваны ў 1996 годзе. Музыкі былі першапраходцамі, якія пачалі спалучаць цяжкі рок з беларускім фальклорам, выкарыстоўваючы аўтэнтычныя інструменты і народную манеру спеваў.
Нязменны лідар гурта — Алесь Таболіч, вядомы не толькі як музыка, але і як мастак, майстар татуіроўкі і арганізатар шматлікіх фэстаў (у тым ліку «Купальскага кола»). А ў 2020 годзе музыка выступаў і як палітык – ён вылучаўся ў кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі, але ў пэўны момант зняў сваю кандыдатуру, заклікаўшы ўсіх аб’яднацца вакол нацыянальнай ідэі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram