Гледачам мінскага канцэрта гурта «Три дня дождя» пачалі вяртаць грошы за білеты, пра гэта яны паведамляюць у Threads. Тым, хто падаў заяўкі 11–12 лістапада, грошы прыйшлі 19-20 лістапада. Частка гледачоў усё яшчэ чакае вяртання.
Прабачэнні саліста гурта Глеба Віктарава з’явіліся ў яго тэлеграм-канале 9 лістапада: зрыў праграмы ён спісаў на стан здароўя — «атрымалася як атрымалася». Тады ж прагучала абяцанне вярнуць грошы. Нездадзеныя білеты, паводле слоў музыканта, паслужаць пропускам на наступнае вялікае шоу гурта з сэт-лістом па заяўках публікі.
Гісторыя атрымала шырокую агалоску: пра яе пісалі і беларускія, і расійскія СМІ. Карыстальнікі сацсетак падазравалі, што музыка выйшаў на сцэну пад дзеяннем забароненых рэчываў; у яго звароце няма ні слова пра тое, чым менавіта ён хворы. СМІ прыгадалі гурту і ранейшыя зрывы, у прыватнасці ліпеньскі канцэрт у Екацярынбургу, пасля якога Віктараў апынуўся на лячэнні.