Беларусам пачалі вяртаць грошы за канцэрт «Три дня дождя»
Рэдакцыя Reform.news · 20 лістапада 2026, 13:23
https://reform.news/be/belarusam-pachali-vjartac-groshy-za-kancjert-tri-dnja-dozhdja/Гледачам мінскага канцэрта гурта «Три дня дождя» пачалі вяртаць грошы за білеты, пра гэта яны паведамляюць у Threads. Тым, хто падаў заяўкі 11–12 лістапада, грошы прыйшлі 19-20 лістапада. Частка гледачоў усё яшчэ чакае вяртання.
Нагадаем, гурт выступаў у мінскім Палацы спорту 7 лістапада. Гледачы, якія заплацілі за білеты ад 135 да 295 рублёў, прачакалі пачатку каля гадзіны, а з абяцанай двухгадзіннай праграмы пачулі толькі каля сарака хвілін. Відавочцы апісвалі фронтмэна Глеба Віктарава як таго, хто хістаўся і спяваў міма фанаграмы. Патрабаванні вярнуць грошы пасыпаліся ў Threads адразу пасля шоу. Незадаволенасць падагравала тое, што на канцэрт збіралі грошы і ехалі з іншых гарадоў. Самыя актыўныя збіралі прыхільнікаў для калектыўнага іску і заявы ў праваахоўныя органы.
Прабачэнні саліста гурта Глеба Віктарава з’явіліся ў яго тэлеграм-канале 9 лістапада: зрыў праграмы ён спісаў на стан здароўя — «атрымалася як атрымалася». Тады ж прагучала абяцанне вярнуць грошы. Нездадзеныя білеты, паводле слоў музыканта, паслужаць пропускам на наступнае вялікае шоу гурта з сэт-лістом па заяўках публікі.
Гісторыя атрымала шырокую агалоску: пра яе пісалі і беларускія, і расійскія СМІ. Карыстальнікі сацсетак падазравалі, што музыка выйшаў на сцэну пад дзеяннем забароненых рэчываў; у яго звароце няма ні слова пра тое, чым менавіта ён хворы. СМІ прыгадалі гурту і ранейшыя зрывы, у прыватнасці ліпеньскі канцэрт у Екацярынбургу, пасля якога Віктараў апынуўся на лячэнні.
