Фото: Zura Narimanishvili, unsplash.com
Грамадзяніна Беларусі, затрыманага ў Грузіі 6 лістапада з пратэрмінаваным пашпартам, арыштавалі на тры месяцы, паведаміў «Позірку» праваабаронца Раман Кісляк. Рашэнне аб арышце прыняў 9 лістапада суд.
“Я, на жаль, на суд не трапіў. Апошнія месяцы я чацвёрты раз не магу трапіць унутр і прысутнічаць на судовых пасяджэннях, паколькі мяне перасталі пускаць без сапраўднага дакумента», — расказаў Кісляк.
Паводле яго слоў, на пасяджэнні прысутнічалі грузінскія праваабаронцы. Суд не пагадзіўся з аргументамі адваката і прыняў рашэнне аб арышце.
«На працягу пяці дзён ёсць магчымасць абскардзіць арышт у апеляцыйным парадку, і далей будзе судовы разбор наконт дэпартацыі», — заявіў Кісляк.
Кісляк адзначае, што падобныя суды праходзяць вельмі хутка, а суддзя падганяе ўдзельнікаў працэсу.
«Была праблема, што з-за гэтага прадстаўніца Дэпартамента міграцыі МУС гаварыла хутка, нават грузінскія праваабаронцы адзначалі, што не ўсе паспявалі пачуць. Таму была пададзена скарга на тое, што працэс не быў адкрытым у гэтай частцы», — расказаў ён.
Нагадаем, беларуса затрымалі 6 лістапада ў метро ў Тбілісі. У яго скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта і часовага пасведчання асобы, выдадзенага ў Грузіі. Мужчыну даставілі ў Дэпартамент міграцыі.
Раней беларус падаваўся на міжнародную абарону ў Грузіі на падставе палітычнага пераследу ў Беларусі, але атрымаў адмову.