Беларуса з пратэрмінаваным пашпартам затрымалі ў Грузіі. Яму пагражае дэпартацыя на радзіму

У Грузіі затрымалі грамадзяніна Беларусі, які падвяргаецца палітычна матываванаму пераследу на радзіме. Яму пагражае дэпартацыя на радзіму. Пра гэта «Позірку» паведаміў праваабаронца Раман Кісляк.

Беларуса затрымалі 6 лістапада падчас праверкі дакументаў у метро. У яго скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта і часовага пасведчання асобы, выдадзенага ў Грузіі. Пасля праверкі мужчыну даставілі ў Дэпартамент міграцыі.

«У найбліжэйшы час прадставяць на арышт для дэпартацыі», – паведаміў Кісляк.

Паводле слоў праваабаронцы, мужчына раней звярнуўся па міжнародную абарону ў Грузіі, паколькі ў Беларусі падвяргаецца палітычна матываванаму пераследу. Аднак грузінскія ўлады адмовілі яму ў прадастаўленні статусу бежанца.

Кісляк удакладніў, што адмоўныя рашэнні былі прыняты Дэпартаментам міграцыі і гарадскім судом.

“У яго яшчэ няма рашэння апеляцыйнага суда, але, як я разумею, рашэнне было адмоўным”, – дадаў ён.

Імя затрыманага не раскрываецца з меркаванняў бяспекі.