Беларуса з грамадзянствам Чэхіі затрымалі пасля прыезду да маці

Сярод 12 чалавек, прызнаных 2 кастрычніка палітвязнямі, аказаўся 52-гадовы Віталь Дзямідчык, які мае беларускае і чэшскае грамадзянствы. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», ён быў затрыманы пасля вяртання ў Беларусь з Чэхіі.

Дзямідчык нарадзіўся 5 мая 1974 года ў Гродне і з 2006 года пастаянна жыў у Чэхіі. 30 чэрвеня 2026 года мужчыну затрымалі пасля таго, як ён прыехаў у Беларусь наведаць хворую маці. Падставай для крымінальнага пераследу сталі грашовыя ахвяраванні ў падтрымку беларускай апазіцыі, меркавана палка імя Кастуся Каліноўскага, піша «Вясна».

Цяпер Дзямідчык знаходзіцца пад вартай у СІЗА №1 у чаканні суда.

Як піша «Радыё Свабода», удзельнікі Канферэнцыі беларусаў і беларусак Чэхіі выказалі салідарнасць з Віталём Дзямідчыкам і запатрабавалі яго вызвалення.

Паводле даных «Вясны», на сёння статус палітвязня ў Беларусі маюць 888 чалавек.