Фото: ГТК
Кіроўца грузавога аўтамабіля ўвозіў у Беларусь з Літвы легкавыя аўтамабілі і схаваў ад мытні браніраванае шкло, якое вёз для сябе. Мужчыну давялося заплаціць буйны штраф.
35-гадовы беларус перасякаў літоўска-беларускую мяжу праз пункт пропуску «Каменны Лог». Падчас вуснага апытання ён сказаў, што, акрамя легкавых аўтамабіляў, нічога не вязе.
Мытнікі агледзелі аўтамабілі і ў адным з іх заўважылі шкло для аўтамабіля Mercedes-Benz. Кіроўца заявіў, што вёз яго для сябе і схаваў, каб не плаціць мытныя плацяжы, паведамляе ДМК.
Кошт шкла ацанілі ў 64 тысячы рублёў. Кіроўца спрабаваў зэканоміць на мытных плацяжах больш за 20 тысяч рублёў. Мужчыну прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці і прызначылі штраф у памеры 6,3 тысячы рублёў.