Беларусь закрывае пасольства ў Экватарыяльнай Гвінеі

Беларусь збіраецца закрыць пасольства ў Экватарыяльнай Гвінеі. У Нацыянальным рэестры прававых актаў зарэгістравана пастанова з адпаведнай назвай.

Пастанова Саўміна №315 “Аб закрыцці Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Экватарыяльная Гвінея” датавана 24 чэрвеня. Яна пакуль яшчэ не апублікавана.

Дамоўленасці аб абмене пасольствамі паміж Беларуссю і Экватарыяльнай Гвінеяй былі дасягнуты ў 2023 годзе. Пра іх падчас візіту ў Мінск абвясціў кіраўнік афрыканскай дзяржавы Абіянг Нгема Мбасога.

У снежні 2023 года Савет міністраў прыняў пастанову, якой было прадугледжана адкрыццё пасольства да 1 жніўня 2024 года. У чэрвені 2024 года Саўмін прызначыў заробак паслу ў Экватарыяльнай Гвінеі.

Аднак пра адкрыццё пасольства і прызначэнне пасла не паведамлялася, а на сайце МЗС адсутнічае інфармацыя пра адпаведнае дыпламатычнае прадстаўніцтва. Пакуль наша краіна прадстаўлена ў Экватарыяльнай Гвінеі на ўзроўні часовага паверанага ў справах. Ім з’яўляецца Уладзіслаў Жур. Так, 10 чэрвеня ён сустракаўся з віцэ-прэзідэнтам краіны Тэадора Нгемам Абіянгам Манге. Абмяркоўвалася развіццё дамоўленасцяў 2023 года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!