Фото: @dimitrij.zadorin
Беларускі архітэктар Дзмітрый Задорын апынуўся ў 15 метрах ад мужчыны, які адкрыў стральбу па наведвальніках піраміды Тэатыуакана ў Мексіцы. “Выратавала архітэктура”, – прызнаўся беларус. Свой аповед ён апублікаваў у блогу ў Facebook.
“Гэтая фатаграфія зроблена за пару хвілін да таго, як пачалі страляць.
Мы з калегам сядзелі на краі платформы, глядзелі на комплекс вакол, калі пачулі стрэлы. Азірнуліся — у пятнаццаці метрах ад нас стаяў мужчына з пісталетам, двое турыстаў ляжалі на зямлі побач з ім. Частка людзей кінулася да лесвіцы, мы былі прыціснутыя да краю. Ляглі таксама. Амерыканцы побач крыкнулі бегчы. Піраміды пабудаваныя па прынцыпе таблера, свайго роду ярусамі. Нам удалося саскочыць на ярус ніжэй, а там па жолабе фактычна скаціцца ўніз. Мы пабеглі вакол піраміды, потым мясцовыя нам дапамаглі пераскочыць праз плот з калючым дротам. Потым стала з’язджацца паліцыя, нацыянальная гвардыя і ачапляць тэрыторыю. Чувак, які страляў, застрэліўся, перад гэтым забіўшы жанчыну і параніўшы колькісьці людзей.
Я ў парадку, з драпінамі па ўсім целе і трохі распухлай нагой. Калега таксама ў парадку.
Іронія ў тым, што выратавала архітэктура”, – напісаў ён.
***
Нагадаем, у адной з галоўных славутасцяў Мексікі адбылася стральба. Мужчына адкрыў агонь каля пірамід Тэатыуакана, пасля чаго скончыў жыццё самагубствам.
Вядома, што адна грамадзянка загінула, пацярпелі 13 чалавек. Дакладная колькасць пацярпелых пакуль не называецца. Сярод пацярпелых таксама грамадзяне ЗША, Расіі і Бразіліі.
Мексіканская пракуратура паведаміла, што тым, хто страляў, быў грамадзянін краіны. Матывы яго ўчынку невядомыя.
Стралок адкрыў агонь з вяршыні піраміды Месяца. Узнікла цісканіна.