Фото: t.me/government_by
Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын правёў сустрэчу з міністрам знешняга гандлю Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Тані бен Ахмедам аль-Зеюдзі, паведамляе прэс-служба беларускага ўрада.
Турчын заявіў, што ААЭ з’яўляюцца даўнім сябрам Беларусі, і выказаў упэўненасць у далейшым пашырэнні супрацоўніцтва. Паводле яго слоў, інвестары з ААЭ ўжо рэалізавалі ў Мінску шэраг знакавых праектаў, а падпісаныя падчас папярэдняга візіту дакументы дадуць новы імпульс гандлёва-эканамічным адносінам.
“Ёсць цэлы шэраг прапаноў. На тэрыторыі нават непасрэдна горада Мінска рэалізавалі з дапамогай інвестараў з вашай краіны цэлы шэраг знакавых праектаў, і ў цяперашні час яны рэалізуюцца. Таму я ўпэўнены, што ў нас ёсць, скажам, вялікае поле для далейшых узаемных дзеянняў”, — заявіў ён.
Аль-Зеюдзі паведаміў, што бакі абмеркавалі рэалізацыю і ратыфікацыю двухбаковых пагадненняў, падпісаных летась, і выказаў надзею на іх поўнае ўступленне ў сілу да канца 2026 года. Сярод праектаў, якія абмяркоўваліся, ён назваў інвестыцыі ў праект «Паўночны бераг», тэлекамунікацыі, харчовую бяспеку, цэнтр апрацоўкі даных, вытворчасць мяса птушкі і гандаль.
“Гэта была выдатная сустрэча. Мы выдатна правялі дыялог з прэм’ер-міністрам. Таксама прадстаўнікі нашых дзелавых колаў выдатна ўзаемадзейнічалі з прадстаўнікамі Беларусі, і мы абмяркоўвалі двухбаковыя пагадненні, якія былі падпісаныя летась, іх рэалізацыю, ратыфікацыю і чаканні. І мы спадзяёмся, што яны поўнасцю ўступяць у сілу да канца гэтага года.
Мы таксама абмяркоўвалі розныя інвестыцыі, напрыклад, «Паўночны бераг», інвестыцыі ў сферу тэлекамунікацый, харчовую бяспеку, гандаль і цэнтр апрацоўкі даных, а таксама інвестыцыі і супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці, у сферы мяса птушкі і іншыя праекты, якія адназначна пойдуць на карысць дзвюм краінам. І мы ўпэўнены, што па выніках гэтага дыялогу будуць дасягнутыя станоўчыя вынікі і развіццё ва ўсіх напрамках”, — сказаў ён.