Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў сустрэўся з міністрам замежных спраў Індыі Субраманьямам Джайшанкарам на палях XVIII саміту БРІКС. Сустрэча адбылася 12 верасня ў Індыі, куды Рыжанкоў прыбыў па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі.
Бакі абмеркавалі беларуска-індыйскае супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, консульскай і гуманітарнай сферах, а “станоўча ацанілі ўзаемадзеянне на шматбаковых пляцоўках, уключаючы БРІКС і ШАС”.
Адной з тэм сустрэчы стаў графік двухбаковых візітаў на вышэйшым і высокім узроўнях. Акрамя таго, абмяркоўвалася пашырэнне консульскай прысутнасці Беларусі ў рэгіёнах Індыі.
У гандлёва-эканамічнай сферы гаворка ішла пра падрыхтоўку дарожнай карты двухбаковага супрацоўніцтва на 2026-2030 гады і правядзенне 12-га пасяджэння Беларуска-Індыйскай міжурадавай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне эканомікі, гандлю, прамысловасці, навукі, тэхналогій і культуры. Паводле слоў Рыжанкова, тавараабарот паміж краінамі ўжо перавысіў 1 млрд долараў і працягвае расці.
Бакі таксама дамовіліся садзейнічаць найхутчэйшаму завяршэнню перамоў аб пагадненні аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і Індыяй.
Джайшанкар асобна адзначыў сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з прэм’ер-міністрам Індыі Нарэндрам Модзі, якая адбылася 31 жніўня на палях пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў ШАС у Кыргызстане, назваўшы яе “надзвычай важнай”. Кіраўнік індыйскага МЗС “таксама даў высокую ацэнку намаганням Беларусі па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу і нармалізацыі сітуацыі ў рэгіёне Усходняй Еўропы”, заявілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
У гуманітарнай сферы Рыжанкоў паведаміў пра рашэнне беларускага ўрада выдаваць грамадзянам Індыі электронныя візы. Паводле яго слоў, развіццю кантактаў паміж краінамі таксама павінна спрыяць павелічэнне колькасці авіярэйсаў паміж Мінскам і Нью-Дэлі, а таксама іншымі буйнымі гарадамі Індыі.
