Беларусь адкрые ў Пхеньяне пасольства і прапрацуе бязвіз

Беларусь адкрые ў КНДР пасольства. Таксама будзе прапрацавана пагадненне аб бязвізавых паездках. Такія даручэнні даў Аляксандр Лукашэнка пасля паездкі да Кім Чэн Ына. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.

“Пастаўлены цалкам канкрэтныя задачы. Адкрыць наша пасольства тут у адказ на пасольства КНДР, якое ўжо доўгі час існуе ў Рэспубліцы Беларусь. Другое – паскорыць працу над пагадненнем аб бязвізавых паездках грамадзян. Ды і ўвогуле паглядзець, ужо абапіраючыся на падпісаны дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве, на ўвесь комплекс пытанняў, якія мы можам у самы бліжэйшы час раскрыць. Дзе ў нас ёсць патэнцыял для садзейнічання адно аднаму ў рэалізацыі мэт і задач развіцця нашых краін”, – сказаў ён, перадае БелТА.

Паводле яго слоў, таксама перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння — ахова здароўя, адукацыя, сельская гаспадарка. Рыжанкоў адзначыў, што Мінск можа “падставіць плячо” Пхеньяну ў пытаннях харчовай бяспекі. Паўночную Карэю таксама цікавяць напрацоўкі ў ахове здароўя.

Падчас візіту таксама абмяркоўвалася міжнародная павестка.

“Абмеркавалі ўсе напрамкі, пачынаючы ад падзей на Блізкім Усходзе, іранскага кейса, пытанняў спецыяльнай ваеннай аперацыі Расіі, адносін з найбуйнейшымі краінамі планеты. Гістарычныя нейкія рэчы, якія звязваюць нашы краіны.

Калі паглядзець на гісторыю, то мы вельмі падобныя тым, што права сваёй незалежнасці і суверэнітэту заваявалі ў жорсткай барацьбе і мільённымі стратамі. Тым, што сёння ў следаванні сваім уласным шляхам развіцця таксама вымушаны адбівацца ад тых, хто хацеў бы, каб мы жылі па-іншаму. Галоўная сутнасць нашых знешнепалітычных перамоў – гэта абсалютна не жаданне сябраваць супраць кагосьці. Галоўная мэта – паслядоўна развіваць адносіны паміж двума дружалюбнымі народамі, кантакты паміж бізнесменамі, грамадзянамі дзвюх краін”, – сказаў Рыжанкоў.

Міністр таксама заявіў, што паміж Лукашэнкам і Кім Чэн Ынам адразу ўзнікла “хімія”.

“Дух перамоў самы шчыры, самы дружалюбны. Аснова гэтага – тая хімія, як кажуць, якая адразу ўзнікла паміж лідарамі дзвюх краін”, – сказаў ён.

“Я вельмі рады таму, што вось гэты першасны кантакт і разуменне адзін аднаго, агульную мову яны вельмі хутка знайшлі. Складалася нават уражанне, што адзін з лідараў кажа пачатак фразы, а другі ўжо працягвае, не губляючы сэнсу. Мы нават не чакалі, што візіт будзе насычаны вельмі сур’ёзным і глыбокім уключэннем лідара КНДР ва ўсе этапы. Але так атрымалася”, – дадаў Рыжанкоў.

Паводле яго слоў, першапачаткова пратакол візіту не прадугледжваў наведванне Кім Чэн Ынам цырымоніі ўскладання Аляксандрам Лукашэнкам вянка да манумента “Вызваленне”.

Рыжанкоў таксама выказаў захапленне канцэртам, які быў арганізаваны для Лукашэнкі прымаючым бокам на лядовай пляцоўцы.

“Прэзідэнт сказаў, што некаторыя беларускія песні яны выканалі нават лепш, чым у нас выконваюць. Яркі канцэрт, у якім адчувалася душа беларуса. Гэта ж трэба было знайсці вось гэтыя агульныя звязуючыя ніткі праз песні і кампазіцыі, якія паказалі, што мы ўвогуле і па-жыццёваму, і традыцыйна знутры глядзім на жыццё аднымі вачыма. У аснове – патрыятызм, любоў да радзімы, міру, апора на ўласныя сілы”, – сказаў ён.

“Адзінае, што застаецца, – не падвесці нашых лідараў у рэалізацыі тых задач, якія яны нам паставілі”, – падсумаваў міністр.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!