Башкартастан купіць яшчэ 9 зуброў у Беларусі за грант

Башкартастан закупіць у Беларусі яшчэ 9 дарослых зуброў. На набыццё жывёл атрыманы грант Прэзідэнцкага фонду прыроды, паведаміў у сваім блогу ў Telegram кіраўнік Рэспублікі Башкартастан Радзій Хабіраў.

“Наш праект па развядзенні белавежскіх зуброў у Башкартастане атрымаў грант Прэзідэнцкага фонду прыроды. На выйграныя сродкі, а гэта 10,2 млн рублёў, Дырэкцыя па асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях рэспублікі плануе прывезці з Беларусі яшчэ 9 дарослых асобін”, – паведаміў ён.

Экалагічны праект па развядзенні зуброў расійскі рэгіён вядзе з 2023 года. За гэты час колькасць зуброў дасягнула 25 галоў, уключаючы 8 цялят, якія нарадзіліся ўжо ў Башкартастане. Плануецца, што да 2030 года жывёл будзе ўжо 50.

“Хачу падкрэсліць, што мы робім гэта не дзеля забавы. Мы вырашаем найважнейшую дзяржаўную задачу па захаванні біялагічнай разнастайнасці, якую паставіў перад намі прэзідэнт краіны. А яшчэ – вяртаем доўг прыродзе. У пачатку мінулага стагоддзя зубры апынуліся на мяжы знікнення. Таму мы проста абавязаны аднавіць баланс, тым больш, што ўмовы ў нашай рэспубліцы для гэтага адпаведныя”, – растлумачыў Хабіраў.

Башкартастан – адзіны рэгіён РФ, дзе зубры ўтрымліваюцца ў натуральным асяроддзі. Яны жывуць на тэрыторыі парка «Мурадымаўская цясніна».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!