Фото: t.me/vvmvdrb
Атрад спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў «Буран» у Гомельскай вобласці пераўтвораны ў асобную вайсковую частку №3033. Пра гэта заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў на сустрэчы з журналістамі з нагоды Дня ўнутраных войскаў, піша БелТА.
Паводле яго слоў, у бліжэйшы час атрад спецпрызначэння «Шторм» у Брэсцкай вобласці таксама будзе пераўтвораны ў вайсковую частку. Сталічная вайсковая частка 5448 стане часткай аператыўнага прызначэння, а в/ч 3310 з Мінскай вобласці — брыгадай спецыяльнага прызначэння. Акрамя таго, у «Буране» будзе створаны чацвёрты цэнтр беспілотнай авіяцыі — тры аналагічныя цэнтры ўжо дзейнічаюць ва ўнутраных войсках.
Карпянкоў растлумачыў логіку развіцця спецпадраздзяленняў, спаслаўшыся на досвед падаўлення «каляровых рэвалюцый» у Грузіі, Сербіі і Іране.
“Удасканальваючы нашу арганізацыйна-штатную структуру, мы ўлічваем ваенна-палітычную абстаноўку, якая існуе вакол Рэспублікі Беларусь. Мы стараліся сур’ёзна палепшыць не толькі кадравую складовую, але і ўзмацніць нашы баявыя магчымасці. Вялікую ўвагу мы надалі падраздзяленням спецыяльнага прызначэння. Чаму менавіта ім? Аналізуючы спробы каляровых рэвалюцый у Грузіі, Сербіі, Іране, мы ўбачылі, што найлепшы вынік па іх спыненні паказалі падраздзяленні спецыяльнага прызначэння.
Прафесійныя, добра ўзброеныя, мабільныя, яны паспяхова спраўляюцца з усімі правакацыямі, праводзяць спецыяльныя аперацыі па нейтралізацыі лідараў і зачыншчыкаў масавых беспарадкаў. Досвед сучасных узброеных канфліктаў таксама паказаў, што менавіта падраздзяленні спецыяльнага прызначэння паспяхова выконваюць шырокі спектр баявых задач”, — заявіў ён.
Паводле яго слоў, быў таксама значна павялічаны баявы патэнцыял атрадаў спецыяльнага прызначэння.
“Яны атрымалі на ўзбраенне новую зброю: гранатамёты, ПТУРы, агнямёты, буйнакаліберныя кулямёты, БТР-82, а таксама новыя беспілотныя лятальныя апараты, якім мы вельмі вялікую ўвагу надзялялі ў мінулым годзе. Мы стварылі ў сябе тры цэнтры беспілотнай лятальнай авіяцыі. І цяпер будзе стварацца чацвёрты цэнтр у атрадзе спецыяльнага прызначэння “Буран” у Гомельскай вобласці”, — паведаміў Карпянкоў.