Армянская авіякампанія пачала лётаць на аэрадром Орша

Армянская грузавая авіякампанія Hayways Cargo пачала лётаць на аэрадром Орша. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск», у падпарадкаванні якога знаходзіцца паветраная гавань.

“Наш Аршанскі філіял працягвае планамернае нарошчванне патэнцыялу. Аэрадром Орша пераважна спецыялізуецца на абслугоўванні грузавых рэйсаў.

Напярэдадні тут прынялі новую грузавую авіякампанію Hayways. Авіяперавозчык плануе выкананне грузавых рэйсаў у Оршу з рэгулярнай частатой”, — гаворыцца ў паведамленні.

Hayways Cargo мае адзін самалёт Boeing 737-400SF. Паводле даных кампаніі, маршрутная сетка ўключае аэрапорты ў Расіі, Ганконгу, Індыі, Казахстане, Амане.

Трэба адзначыць, што побач з аэрадромам у Оршы знаходзіцца лагістычны комплекс “Брэміна-Орша”, які з’яўляецца часткай асаблівай эканамічнай зоны.

Яшчэ адно цікавае супадзенне: армянская кампанія прыляцела ў Оршу на фоне абмежаванняў, якія апошнім часам увяла Расія на пастаўкі армянскай гародніны, садавіны і шэрагу іншых тавараў.

Фота: РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск»
Фота: РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск»
Фота: РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск»
Фота: РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск»
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!