Сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавана пагадненне паміж міністэрствамі абароны Беларусі і Зімбабвэ аб ваенным супрацоўніцтве. Яно было падпісана ў снежні мінулага года ў Харарэ.
Дакумент прадугледжвае, што ваеннае супрацоўніцтва паміж міністэрствамі будзе ажыццяўляцца ў наступных галінах:
- адукацыя навучэнцаў па ваенным профілі;
- аператыўная і баявая падрыхтоўка вайскоўцаў узброеных сіл;
- ваенна-навуковая, навукова-тэхнічная і даследчая дзейнасць, сумесныя даследаванні і распрацоўкі;
- сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, інфармацыйныя сістэмы і сродкі сувязі ваеннага прызначэння;
- ваенная медыцына;
- ваенныя сродкі масавай інфармацыі;
- правядзенне сумесных культурных, спартыўных, ваенна-мемарыяльных і іншых мерапрыемстваў.
Прадбачана магчымасць супрацоўніцтва ў іншых галінах па ўзаемнай згодзе бакоў.
Супрацоўніцтва можа ажыццяўляцца ў наступных формах:
- абмен візітамі прадстаўнікоў і дэлегацый бакоў на ўзроўні міністраў абароны, іх намеснікаў, начальнікаў генеральных штабоў узброеных сіл і/ці іншых прадстаўнікоў бакоў;
- абмен візітамі рабочых груп, спецыялістаў і экспертаў;
- удзел у мерапрыемствах па аператыўнай і баявой падрыхтоўцы бакоў;
- правядзенне сумесных мерапрыемстваў па баявой падрыхтоўцы, у тым ліку заняткаў, вучэнняў, спаборніцтваў, трэніровак, баявых стрэльбаў;
- навучанне па адукацыйных праграмах вышэйшай адукацыі і адукацыйных праграмах дадатковай адукацыі дарослых;
- абмен вопытам і кансультацыі па пытаннях, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, удзел у канферэнцыях, сімпозіумах, семінарах, форумах і рабочых сустрэчах па пытаннях абароны;
- удзел у выставах узбраення і ваеннай тэхнікі.
У пагадненні прапісана, што прадстаўнікі накіравальнага боку не прымаюць удзелу ў варожых дзеяннях, якія могуць пацягнуць за сабой парушэнне міру, унутранай бяспекі і канстытуцыйнага ладу дзяржавы прымальнага боку.
Дакумент прадугледжвае штогадовую распрацоўку плана супрацоўніцтва на каляндарны год.
Упаўнаважанымі органамі, адказнымі за рэалізацыю пагаднення, вызначаны з беларускага боку Дэпартамент міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны, а з зімбабвійскага — Штаб сумесных аперацый і планавання Сіл абароны.
🔥
Падтрымайце Reform.news данатам!