Фото: ОПК
Дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сіл на чале са Святланай Ціханоўскай рыхтуецца да візіту ва Украіну. Зараз вядуцца актыўныя кансультацыі, у тым ліку з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ва Украіне. Гэта тэма абмяркоўвалася сёння на пасяджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета ў Варшаве.
На пасяджэнні таксама абмяркоўваліся мінулыя слуханні ў Каардынацыйным савеце. АПК выказаў гатоўнасць працягваць такі дыялог, а таксама заявіў аб адкрытасці да супрацоўніцтва з дэлегатамі, фракцыямі і камісіямі прадстаўнічага інстытута дэмакратычных сіл.
Быў разгледжаны шэраг пытанняў сацыяльнага забеспячэння: пенсійнае забеспячэнне беларусаў у Польшчы, праблемы легалізацыі, далейшае ўладкаванне раней вызваленых палітвязняў, узровень гатоўнасці да прыёму новых груп былых палітвязняў.
Акрамя гэтага, абмяркоўвалася падрыхтоўка да святкавання Дня Волі. Запланавана правядзенне шэрагу палітычных і культурных мерапрыемстваў.
Нагадаем, Ціханоўская заявіла, што візіт у Кіеў плануецца ў канцы лютага або ў сакавіку. Даты абмяркоўваюцца з украінскім бокам.