Анджэй Пачобут атрымаў званне ганаровага грамадзяніна горада Аполе ў Польшчы. Цырымонія адбылася ў гарадской ратушы 4 верасня, паведамляе савет горада.
Званне ганаровага грамадзяніна Аполе прысуджана яму за шматгадовую дзейнасць у абарону свабоды слова, правоў чалавека і захавання польскай ідэнтычнасці.
З ініцыятывай прысвоіць Пачобуту званне ганаровага грамадзяніна выступілі дэпутат Сейма ад Апольскага ваяводства, каардынатар польскіх спецслужбаў Томаш Семоняк і мэр горада Аркадыюш Вішнеўскі.
«Аполе для мяне — важнае месца. Ужо шмат гадоў сюды прыязджаюць дзеці з Беларусі, а супрацоўніцтва і кантакты з палякамі, якія пражываюць у Беларусі, працягваюцца», — адзначыў Пачобут.
Ён пацвердзіў, што збіраецца вярнуцца ў Беларусь, але ўсведамляе існуючыя рызыкі.
«Ніхто не дасць ніякіх гарантый. Гэта складанае пытанне», — цытуе Пачобута 24opole.pl.
Беларускі журналіст польскага паходжання Анджэй Пачобут у 2023 годзе быў асуджаны ў Беларусі на 8 гадоў калоніі. У красавіку гэтага года ён быў вызвалены ў рамках абмену. Пры гэтым журналіст дамогся, каб яму выдалі беларускі пашпарт і паабяцалі, што ён можа вярнуцца ў Беларусь. Пачобут неаднаразова заяўляў, што мае намер вярнуцца ў краіну ў верасні да з’езда Саюза палякаў Беларусі.


