Алесь Бяляцкі стварае Фонд для барацьбы з глабальным крызісам правоў чалавека

Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, стварае Фонд Алеся Бяляцкага (The Ales Bialiatski Foundation).

Арганізацыя зарэгістравана ў Польшчы і будзе працаваць на стратэгічным скрыжаванні правоў чалавека, міратворчасці і рэгіянальнай бяспекі, узмацняючы глабальны праваабарончы альянс ва ўмовах беспрэцэдэнтнага геапалітычнага крызісу, паведамляе «Вясна».

«Калі я вярнуўся на волю ў канцы 2025 года, то ўбачыў пераўтвораны свет, напоўнены глыбокай глабальнай нявызначанасцю. У першыя месяцы пасля вызвалення я кансультаваўся з калегамі з Праваабарончага цэнтра “Вясна”, лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі міру, дзясяткамі лідараў грамадзянскай супольнасці і дыпламатамі.

Я сустрэўся з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека і шэрагам кіраўнікоў дзяржаў. Я размаўляў з даўнімі калегамі, праваабаронцамі з усяго свету. Гэтыя размовы пацвердзілі неабходнасць стварэння новых форм супрацоўніцтва і маральнага лідарства. Вось чаму я стварыў у Польшчы новую арганізацыю. Я прысвячу ёй свой час, сваю энергію, сваю сетку кантактаў і частку сродкаў, атрыманых ад Нобелеўскай прэміі», — заявіў Бяляцкі.

Фонд Алеся Бяляцкага засяродзіцца на стратэгічных і глабальных выкліках і задачах. Яго дзейнасць будзе будавацца на скрыжаванні пяці ключавых напрамкаў: правы чалавека, міратворчасць, міжнароднае правасуддзе, устойлівасць грамадзянскай супольнасці і чалавечае вымярэнне рэгіянальнай бяспекі.

Арганізацыя называе найважнейшымі прыярытэтамі прасоўванне інавацыйных мадэляў глабальнай падсправаздачнасці і абароны правоў, супрацьстаянне нарастаючай пагрозе транснацыянальных рэпрэсій.

Асаблівая ўвага будзе надавацца развіццю міжпакаленчага дыялогу, падтрымцы міжнароднага маладзёжнага і грамадзянскага лідарства. Прадугледжана сістэма стыпендый і ментарства, каб забяспечваць новых лідараў неабходнымі навыкамі, міжнароднымі сеткамі кантактаў для эфектыўнай працы.

На ролю кіраўніцы па пытаннях стратэгічнага развіцця, адвакатавання і партнёрстваў запрошана Саша Кулаева — экспертка з досведам працы на кіруючых пасадах у міжнародных няўрадавых арганізацыях, выкладчыца правоў чалавека і міжнародных адносін у міжнародных універсітэтах.

Бяляцкі падкрэслівае, што яго нязменным прыярытэтам застаецца падтрымка свабоднай і суверэннай Беларусі. Ён застаецца кіраўніком «Вясны», але яго асабісты фокус зрушваецца на міжнародную прастору.

«Трыццаць гадоў, за выключэннем часу, які я правёў у турме, я ўзначальваў “Вясну”. У апошнія гады я ў асноўным засяродзіўся на стратэгіі, аналізе, глабальнай адукацыі і міжнароднай дзейнасці. Разам з калегамі з “Вясны” я працягваю гэтую важную працу для Беларусі. Але сёння маштаб крызісу патрабуе ад мяне іншага ўнёску.

Я лічу, што павінен больш працаваць на міжнародным узроўні, выкарыстоўваючы маральны капітал Нобелеўскай прэміі міру, міжнародны досвед, атрыманы за гады працы на пасадзе віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, маё сяброўства ў Міжнародным ПЭНе, а таксама досвед, набыты за дзесяцігоддзі барацьбы супраць дыктатуры і палітычных рэпрэсій.

Як член сусветнай супольнасці я адчуваю адказнасць абараняць універсальнасць правоў чалавека ў момант, калі сама гэтая канцэпцыя знаходзіцца пад пагрозай», — заявіў Бяляцкі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!