Гродзенскі абласны суд вынес прысуд палітвязню, актывісту з Рэчыцы Аляксандру (Алесю) Здаравеннаву. Пра гэта паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».
46-гадовы мужчына прызнаны вінаватым паводле арт. 356 (здрада дзяржаве) і арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Ён асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 500 базавых велічынь (21 тыс. рублёў).
У 2020–2021 гадах яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у пратэстах і сцяг у двары прыватнага дома. Ён некалькі разоў выязджаў у Літву і Польшчу. Напрыканцы сакавіка яго затрымалі на мяжы з Літвой. Спачатку яму быў прызначаны адміністрацыйны арышт, а пазней ён апынуўся ў СІЗА з абвінавачаннем па крымінальнай справе.