Фото: facebook.com/MoIC.af.gov
Беларусь і Афганістан абмеркавалі магчымасць паставак бензіну і дызельнага паліва ў Афганістан. Пытанне ўзнімалася на сустрэчы міністра прамысловасці Беларусі Андрэя Кузняцова з міністрам прамысловасці і гандлю Афганістана Нурыддзінам Азізі ва Узбекістане.
«У ходзе сустрэчы бакі абмеркавалі і абмяняліся меркаваннямі па пытаннях павышэння ўзроўню гандлю паміж дзвюма краінамі і закупак дызельнага паліва і бензіну з Рэспублікі Беларусь», — паведамляе прэс-служба афганскага Міністэрства прамысловасці і гандлю.
Афганскі бок таксама запрасіў беларускіх інвестараў разгледзець магчымасці інвестыцый у Афганістан, у прыватнасці ў сектар вытворчасці спецый.
Бакі дамовіліся стварыць сумесную рабочую групу на ўзроўні намеснікаў міністраў для абмеркавання ўзнятых на сустрэчы пытанняў, у прыватнасці, павелічэння аб’ёму гандлю паміж краінамі.