Адну з самых прэстыжных міжнародных узнагарод — прэмію Тэрнера — упершыню атрымала мастачка з аўтызмам

Брытанска-нігерыйская мастачка Ннена Калу атрымала прэмію Тэрнера – адну з самых прэстыжных узнагарод у галіне сучаснага мастацтва. Журы адзначыла яе «ўнікальны стыль і майстэрства ў выбары маштабу, кампазіцыі і колеру». Мастачка стварае скульптуры з тканіны і плёнкі ад відэакасет, клейкай стужкі, перапрацаванага пластыку і іншых матэрыялаў, а таксама малюе на вялікіх палотнах. Арт-крытык Guardian Эдзі Франкель апісвае яе скульптуры як «агромністыя коканы, згорнутыя ў масіўныя, тугія, закручаныя, ультраяркія вузлы».

Ннена Калу стала першай лаўрэаткай прэміі з аўтызмам.

Старшыня журы, дырэктар брытанскай галерэі Tate Modern Алекс Фаркухарсон назваў перамогу Ннены Калу паваротным момантам для свету мастацтва.

Калу больш за 25 гадоў з’яўляецца рэзідэнтам арт-студыі ActionSpace, якая падтрымлівае мастакоў з парушэннямі развіцця. «Ннена сутыкнулася з неверагоднай колькасцю дыскрымінацыі, якая працягваецца да гэтага часу, таму я спадзяюся, што гэтая ўзнагарода дапаможа выкараніць забабоны», – сказала на цырымоніі ўзнагароджання кіраўніца студыі Шарлота Холлінсхед.

«Непаслухмяныя кавалкі». Фрагмент выставы ў Барселоне ў 2024 годзе. Фота: Іван Ерафееў/Manifesta 15

Выданне The Guardian паразмаўляла з кіраўніцай студыі пасля ўзнагароджання Калу. «Мне прама казалі, што Ннена не зможа выбудаваць мастацкую кар’еру, таму што не яна не можа канцэптуалізаваць сваю практыку і дзяліцца ёю», — кажа Холлінсхед. Мастачка глыбока засяроджана на стварэнні сваіх работ, але, здаецца, яе не асабліва хвалююць знешнія атрыбуты.

«У Калу ёсць рэхалалія – яна часта паўтарае сказанае, але ты даеш ёй прастору, даеш час, а потым яна кажа тое, што мае на ўвазе», – тлумачыць Холлінсхед.

«Самая вялікая частка маёй працы, – згадвае Холлінсхед, – гэта назіраць за ёй, слухаць і сачыць, каб мы заўсёды рэагавалі на яе патрэбы, не маніпулявалі ёю і не падштурхоўвалі ў нейкім кірунку, а проста далікатна сачылі, каб у яе было ўсё неабходнае для таго, што яна хоча».

Таксама Холлінсхед згадала цяжкі шлях да прызнання навучэнкі сваёй студыі: «Мне трэба ўспомніць, з чаго мы пачыналі, калі наогул не было ніякай цікавасці. Я сядзела на званых вячэрах з сябрамі са свету мастацтва. Нікога не цікавіла тое, што я раблю, ці тое, з кім мы працуем. Мы нідзе не маглі правесці выставы. Ніводная галерэя не праявіла цікавасці. Іншыя мастакі не былі зацікаўленыя. Студэнты мастацкіх факультэтаў не праяўлялі цікавасці. Нам давялося прабівацца наверх з самых глыбінь дна».

У размове з The Guardian Холлінсхед дае зразумець, якую доўгатэрміновую мэта яна мела за 30 гадоў працы са студыяй ActionSpace, якую, акрамя Калу, наведваюць дзясяткі іншых мастакоў з асаблівасцямі развіцця. Яна хоча, каб гэтых мастакоў успрымалі як частку сучаснага арт-свету, у мэйнстрыме яго інстытутаў. Для кіраўніцы студыі перамога яе навучэнкі – гэта той выпадак, калі арт-свет даганяў магчымасці Калу, а не наадварот.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!