Фото: sebastiaan stam / unsplash.com
Ад імя былога беларускага палітвязня Сяргея Ціханоўскага працягваецца масавая рассылка фальшывых электронных лістоў палітыкам, чыноўнікам і дэпутатам розных краін. Паведамленні накіроўваюцца сістэмна і ад яго імя ўтрымліваюць заклікі да падтрымкі ініцыятыў, звязаных з сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Для адпраўкі лістоў выкарыстоўваецца фэйкавы дамен з падобным напісаннем.
Адзін з такіх лістоў быў адпраўлены 18 лютага 2026 года на адрас брытанскага дэпутата Джона Уітынгдэйла. У якасці адпраўніка пазначаны адрас main@tsikhanouski.org. У лісце аўтар, які прадстаўляецца Сяргеем Ціханоўскім, звяртаецца да адрасата як да ўплывовага міжнароднага палітыка і просіць садзейнічання ў прасоўванні палітыкі Еўрапейскага саюза, накіраванай на вызваленне палітычных зняволеных, узмацненне ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі і абарону правоў беларускіх грамадзян.
У тэксце ліста падкрэсліваецца, што ў Беларусі працягваюцца сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека, і ўтрымліваецца просьба пра магчымую сустрэчу для абмеркавання далейшых крокаў і абмену меркаваннямі.
Насамрэч афіцыйны сайт Сяргея Ціханоўскага размешчаны па адрасе tihanovski.com. Адпраўка лістоў з іншых даменаў можа ўводзіць атрымальнікаў у зман адносна іх сапраўднасці.