Абяцаў дапамогу з візамі, ВНЖ і пакупкай аўто за мяжой — жыхара Гродна абвінавачваюць у буйным махлярстве

У Гродне 36-гадовага кіраўніка прыватнай фірмы падазраюць у серыйным махлярстве на суму больш за 194 тысячы рублёў. Паводле даных Следчага камітэта, мужчына з 2021 года абяцаў грамадзянам дапамогу ў атрыманні віз, віду на жыхарства і падборы аўтамабіляў за мяжой, аднак прысвойваў грошы для асабістых патрэб.

Устаноўлена, што фігурант пераконваў кліентаў у наяўнасці неабходных сувязяў і гарантаваў вынік. Для бачнасці работы ён збіраў у людзей дакументы, пасля чаго доўга цягнуў час і ў выніку паведамляў пра няўдачу. Адной з першых ахвяр стала жанчына, якая перадала мужчыну 3 тысячы долараў за садзейнічанне ў афармленні віду на жыхарства. Пазней падазраваны падмануў свайго знаёмага, пераканаўшы яго ўкласці 8 тысяч долараў у неіснуючы бізнес па продажы машын з Еўропы. Усяго на дадзены момант выяўлена 8 пацярпелых.

Падчас допыту мужчына заявіў, што выкарыстаў грошы для пагашэння ўласных буйных даўгоў. Хоць ён сапраўды набываў аўтамабілі ў Еўропе, рабіў ён гэта выключна для сябе.

У дачыненні да мужчыны ўзбуджана крымінальная справа па частцы 4 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса за махлярства ў асабліва буйным памеры. Фігуранту прад’яўлена абвінавачанне, і з санкцыі пракурора ён узяты пад варту. Канчатковае рашэнне па справе будзе прынята па выніках расследавання.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!