Изображение: t.me/CabinetBelarus
У 40-ю гадавіну Чарнобыльскай катастрофы Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі апублікаваў заяву, у якой запатрабаваў аднавіць бяз’ядзерны статус краіны і вывесці расійскую ядзерную зброю з беларускай тэрыторыі.
“Катастрофа на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі 40 гадоў таму паказала, чым з’яўляецца атам у руках аўтарытарнага рэжыму. Чарнобыль стаў сімвалам безадказнасці і здрады, сімвалам пагрозы і небяспекі некантраляванага выкарыстання атама для людзей.
Сёння рэжым Лукашэнкі працягвае тую ж безадказную палітыку. На працягу 32 гадоў яго кіравання былі скасаваны льготы, спынены праграмы дапамогі пацярпелым, на забруджаных землях зноў вырошчваюць прадукты харчавання. Рэжым ставіць пад пагрозу жыцці мільёнаў беларусаў, размяшчаючы расійскую ядзерную зброю на нашай тэрыторыі і будуючы Астравецкую АЭС без належнага міжнароднага кантролю”, — заяўляюць аўтары.
“Праз фальшывы рэферэндум у 2022 годзе з Канстытуцыі было выключана палажэнне аб нейтральным і бяз’ядзерным статусе Беларусі. А наступнае размяшчэнне ядзернай зброі на нашай тэрыторыі стварыла прамую пагрозу міру і незалежнасці Беларусі, што робіць Беларусь мішэнню і ставіць пад пагрозу жыцці мільёнаў людзей”, — дадаюць яны.
У АПК вылучылі шэраг патрабаванняў: вярнуць Беларусі бяз’ядзерны статус, спыніць правакацыі і шантаж з выкарыстаннем ядзернай зброі, вывесці расійскую ядзерную зброю, забяспечыць празрыстасць эксплуатацыі Беларускай АЭС у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, уключаючы нормы МАГАТЭ і патрабаванні Канвенцыі Эспа, а таксама пачаць шырокі грамадскі дыялог аб выкарыстанні атамных тэхналогій у Беларусі.
«Чарнобыль нагадвае: ядзерная бяспека немагчыма без празрыстасці, адказнасці і суверэнітэту. Беларусь не павінна быць пляцоўкай для расійскіх ядзерных пагроз», — рэзюмавалі аўтары.