Фото: Serge S, unsplash
10 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які ўносіць змены ва ўказ 2011 года аб утылізацыі аўтахламу.
«Дакумент накіраваны на скарачэнне праблемных пытанняў, звязаных з безгаспадарным транспартам, спрашчэнне працы выканкамаў і ўпаўнаважаных імі арганізацый у гэтым напрамку», – паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Згодна з указам, да аўтахламу будуць адносіцца няспраўныя самаходныя машыны (трактары і аналагічная тэхніка), пакінутыя па-за прыдамавымі ўчасткамі прыватных дамоў і стаянкамі.
Права на працу з кінутым транспартам атрымліваюць арганізацыі, упаўнаважаныя ва ўстаноўленым парадку выканкамамі. Разам з выканкамамі яны змогуць атрымліваць звесткі пра асоб, якія раней мелі непасрэднае дачыненне да кінутай тэхнікі (ажыццяўлялі яе страхаванне, тэхагляд, выплату штрафаў) і маглі з’яўляцца яе ўласнікамі. Такім асобам будуць высылацца паведамленні.
Скарочаны тэрмін падачы ў суд заявы аб прызнанні транспартнага сродку безгаспадарным і перадачы яго ва ўласнасць адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Ён складзе 10 дзён, а не 30, як было раней.