FIBA Europe захавала адхіленне беларускіх і расійскіх баскетбольных каманд
Рэдакцыя Reform.news · 22 лістапада 2026, 12:06
https://reform.news/be/fiba-europe-zahavala-adhilenne-belaruskih-i-rasijskih-basketbolnyh-kamand/Еўрапейскае аддзяленне Міжнароднай федэрацыі баскетбола (FIBA Europe) не змяніла статус беларускіх і расійскіх каманд у сваіх спаборніцтвах. Пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе арганізацыі па выніках пасяджэння праўлення, якое адбылося 20 лістапада ў Гамбургу.
“Статус расійскіх і беларускіх каманд у спаборніцтвах FIBA Europe застаецца без змен”, – гаворыцца ў матэрыяле.
На пасяджэнні таксама абмяркоўвалася становішча ізраільскіх каманд. Было вырашана, што яны працягнуць праводзіць хатнія матчы на нейтральных пляцоўках.
Праўленне разгледзела ход працы спецыяльнай групы FIBA, якая сумесна з брытанскімі спартыўнымі арганізацыямі займаецца стварэннем новай баскетбольнай федэрацыі Вялікабрытаніі.
Адным з асноўных пытанняў пасяджэння стала зацвярджэнне месцаў правядзення маладзёжных чэмпіянатаў Еўропы па баскетболе ў 2027 годзе. Была ўхвалена большасць прапанаваных пляцовак для правядзення турніраў. Таксама былі зацверджаны месцы правядзення шэрагу маладзёжных спаборніцтваў у 2028 і 2029 гадах.
Акрамя таго, зацверджаны бюджэт арганізацыі на 2027 год. Наступнае пасяджэнне FIBA Europe запланавана на сакавік 2027 года ў Рыме.
Нагадаем, 2 верасня паведамлялася, што Міжнародная федэрацыя баскетбола зняла абмежаванні з беларускіх і расійскіх баскетбалістаў, аднак клубы і нацыянальныя зборныя засталіся адхіленыя ад афіцыйных турніраў. Рашэнне было прынята ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнароднага алімпійскага камітэта.
Зняцце абмежаванняў закранула гульцоў, трэнераў, суддзяў і іншых афіцыйных асоб у баскетболе 5×5 і 3×3.
«Расійскія і беларускія гульцы змогуць удзельнічаць, а афіцыйныя асобы змогуць прызначацца на ўсе спаборніцтвы FIBA з неадкладным уступленнем рашэння ў сілу», – гаварылася ў паведамленні арганізацыі.
FIBA таксама заяўляла, што будзе цесна супрацоўнічаць з МАК і алімпійскімі федэрацыямі для вырашэння пытанняў лагістыкі і бяспекі, звязаных з вяртаннем на спаборніцтвы клубаў і нацыянальных зборных Беларусі і Расіі.
