«Так пачынаецца раніца для ўкраінцаў» – дарадца Ціханоўскай апынуўся ў Львове падчас расійскай атакі
Рэдакцыя Reform.news · 20 лістапада 2026, 12:38
https://reform.news/be/tak-pachynaecca-ranica-dlja-krainca-daradca-cihano-skaj-apynu-sja-lvove-padchas-rasijskaj-ataki/Дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі падчас рабочага візіту ў Львоў апынуўся ў горадзе падчас масіраванай расійскай атакі. Ён правёў раніцу ва ўкрыцці на чыгуначным вакзале і расказаў у відэа пра перажытае.
Паводле яго слоў, расійская атака працягвалася ўсю ноч, а раніцай у горадзе па-ранейшаму былі чутныя выбухі.
«Шэсць раніцы, і вось так пачынаецца раніца для ўкраінцаў: з укрыцця, з вось такога шэлтара ўнутры вакзала. Таму што ўсю ноч была атака расійскіх дронаў, і нават цяпер гучаць выбухі, яна не спыняецца», – расказаў ён.
“І вось у такія моманты асабліва моцна разумееш, у якой рэальнасці жывуць нашы браты, суседзі, украінцы і ўкраінкі. Што ты можаш не ведаць, куды цяпер прыляціць: прыляціць яно сюды, ці прыляціць у нейкі суседні раён, ці ўвогуле перажывеш ты гэтую ноч ці не. Ты можаш планаваць як заўгодна свой дзень, як я, напрыклад, які збіраўся сёння вярнуцца ў Літву, а потым нічога па тваім плане не пойдзе.
Таму ў такія моманты асабліва моцна разумееш, у якой рэальнасці жывуць украінцы, і што гэтая вайна не павінна стаць нейкай нармальнасцю. І тут, вядома, мы, беларусы, вельмі салідарныя з Украінай, і трэба зрабіць усё магчымае, каб гэтая вайна спынілася і такая рэальнасць не стала нейкай нармальнасцю”,- дадаў прадстаўнік дэмсіл.
Расійскія войскі атакавалі Львоў беспілотнікамі «Шахед» і крылатымі ракетамі «Калібр». Паводле даных мясцовых уладаў, адзін з удараў прыйшоўся па чыгуначнай станцыі Скнілаў, дзе быў пашкоджаны білетны тэрмінал. Кіраўнік Львоўскай абласной ваеннай адміністрацыі Максім Казіцкі паведаміў пра двух загінулых у выніку ўдару па станцыі.
Паводле інфармацыі Львоўскага гарадскога савета, у бальніцах знаходзяцца 10 пацярпелых. Двое з іх у цяжкім стане, 4 – у стане сярэдняй цяжкасці, яшчэ 4 праходзяць абследаванне. У выніку атакі ў Львове таксама ўзніклі перабоі з электразабеспячэннем помпавых станцый. Падачу вады ўдалося забяспечыць ва ўсе дамы, аднак на верхніх паверхах некаторых будынкаў магчыма зніжэнне ціску. Большасць помпавых станцый зноў падключаныя да электрасеткі, яшчэ дзве працуюць ад рэзервовых крыніц сілкавання.
Відэа: t.me/tsikhanouskaya
