Бацька ў турме, маці ў коме, дзеці з 75-гадовай бабуляй – так жыве сям’я, якая трапіла ў ДТЗ у Віцебскай вобласці
Рэдакцыя Reform.news · 19 лістапада 2026, 16:01
https://reform.news/be/backa-turme-maci-kome-dzeci-z-75-gadovaj-babuljaj-tak-zhyve-sjam-ja-jakaja-trapila-dtz-u-vicebskaj-voblasci/Паўтара года таму СМІ пісалі пра сур’ёзнае ДТЗ у Талачынскім раёне. Сцёртая шына, дождж з градам, 97 км/г — і пікап RAM на сустрэчнай паласе ўразаецца ў Geely. Трое цяжка пацярпелых. Пра тое, што стала з сям’ёй з пікапа, распавяла сястра пасажыркі Аксана Леўшына.
Бацька дзяцей, вінаваты ў ДТЗ, паводле слоў Аксаны, прысуджаны да 2,5 года пазбаўлення волі. Іх маці адключылі ад апаратаў і ў вегетатыўным стане перавялі дадому. За ёй і двума дзецьмі 3,5 і 2,5 гадоў даглядае 75-гадовая бабуля. Сям’я жыве на пенсію па інваліднасці і пенсію па ўзросце самой бабулі; гэтых грошай, паводле слоў Аксаны, амаль ні на што не хапае.

Нагадаем, аварыя адбылася 10 мая 2025 года на ўчастку трасы М1 каля вёскі Старая Будаўка Талачынскага раёна: там пікап RAM з 35-гадовым барысаўчанінам за рулём апынуўся на сустрэчнай паласе і ўрэзаўся ў Geely Atlas. Следства пісала пра траіх цяжка пацярпелых — 35-гадовую пасажырку пікапа і двух чалавек з Geely; самога кіроўцу RAM і дваіх дзяцей у яго салоне траўмы абмінулі.
У матэрыялах справы фігуруюць хуткасць каля 97 км/г, шына з недапушчальным зносам і дождж з градам, пасля якога кіроўца не знізіў хуткасць. Кваліфікацыя — ч. 2 арт. 317 КК: парушэнне ПДР, якое па неасцярожнасці пацягнула цяжкае цялеснае пашкоджанне. Да суда справа дайшла ў кастрычніку, мерай стрымання для абвінавачанага была падпіска аб нявыездзе.
Сям’я спрабуе знайсці сродкі на ўтрыманне дзяцей, харчаванне, падгузнікі для дарослых, лекі, масажыста і неўролага. Сама Аксана Леўшына бачыць рашэнне праз продаж свайго тавару на Wildberries. Яна просіць карыстальнікаў Threads заказаць у яе джынсы і світшоты «па закупачным кошце – я вышлю белпоштай, еўрапоштай, сдэкам па РБ і РФ».

