Reform.news

«Такіх з мяжы прывозяць пачкамі». Расіянін ледзь не трапіў у беларускую турму за падпіску ў Telegram

Рэдакцыя Reform.news · 18 лістапада 2026, 14:16

https://reform.news/be/takih-z-mjazhy-pryvozjac-pachkami-rasijanin-ledz-ne-trapi-u-belaruskuju-turmu-za-padpisku-telegram/

Расіянка Анастасія разам з мужам, які пастаянна пражывае ў Расіі, але мае таксама грамадзянства Беларусі, вырашылі адправіцца ў падарожжа з Калінінграда ў Піцер – на машыне, праз Літву і Беларусь. Беларускія памежнікі праверылі тэлефон мужчыны і выявілі падпіску на Telegram-канал, пра якую шчаслівы ўладальнік падвойнага грамадзянства забыўся чатыры гады таму. Гісторыю, якая ледзь не скончылася ліхам за мяжой, Анастасія расказала ў сваім Instagram.

«15 сутак арышту і судзімасць – гэта мы вырашылі ў Піцер на выхадныя з’ездзіць. На мяжы з Беларуссю майго мужа затрымалі на 6 гадзін да высвятлення абставін. На пост выклікалі міліцыю і пад канвоем вывезлі нас з мяжы проста ў аддзел, дзе яго павінны былі асудзіць і пасадзіць. А ведаеце, за што? За старую падпіску ў Telegram», – кажа яна на відэа.

Далей аўтар уводзіць расійскую аўдыторыю ў курс справы: аказваецца, некалькі гадоў таму ў Беларусі ішлі мітынгі. Яе муж як грамадзянін краіны проста зайшоў у навінавы чат, каб сачыць за абстаноўкай, нічога там не пісаў, нікому не пераводзіў грошы, проста падпісаўся, прачытаў і забыўся выйсці. А цяпер гэты канал прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім.

«У аддзеле міліцыі паглядзелі перапіскі, пераканаліся, што прычын для рэальнага арышту няма, і адпусцілі нас. Але самі сілавікі шчыра сказалі: такіх людзей з мяжы прывозяць пачкамі».

У каментарыях аўтар відэа напісала, што яе ўласны тэлефон беларускія памежнікі не правяралі, паколькі ў яе грамадзянства толькі адно – расійскае.

«Мужчыны і жанчыны, асабліва тыя, у каго ёсць падвойнае грамадзянства або пашпарт Беларусі. Проста перад паездкай праверце свае падпіскі ў Telegram: вы маглі зайсці ў нейкі чат шмат гадоў таму дзеля цікавасці і забыцца. А на мяжы гэта стане прамой прычынай для прыводу ў паліцыю, арышту і судзімасці», – раіць аўтар відэа.

Большасць каментатараў пад відэа не паверылі ў магчымасць трапіць у беларускую турму за падпіску ў Telegram нават са слоў суайчынніцы. «Больш падобна на трызненне» – «Хутчэй на хайп». «Рэальна? Заходзяць у тэлеграм і правяраюць?!» «Божа, што за жэсць», – пішуць здзіўленыя расіяне.

Што для расіян – дзіва, для беларусаў зусім не навіна: аўтобусы Мінск — Вільнюс рэгулярна затрымліваюць на гадзіны ў чаканні пасажыраў, якіх адвялі «на гутарку» пасля праверкі тэлефона. Тыповы фінал — пратакол паводле арт. 19.11 КаАП, то-бок штраф альбо «суткі», аднак крымінальнымі прысудамі ў тым жа 2023-м скончыліся як мінімум 18 такіх затрыманняў, і ў 12 выпадках гэта была калонія.

Рэклама

Пакінуць адказ