Reform.news

У Прылуках, куды мінчукі ездзілі па атмасферныя фота, выбіты вокны і распісаны сцены гістарычных пабудоў

Рэдакцыя Reform.news · 17 лістапада 2026, 15:46

https://reform.news/be/u-prylukah-kudy-minchuki-ezdzili-pa-atmasfernyja-fota-vybity-vokny-i-raspisany-sceny-gistarychnyh-pabudo/

У Прылуках пад Мінскам, куды гэтай восенню ездзілі натоўпы турыстаў па атмасферныя кадры, разбіты і знявечаны вандаламі гістарычныя пабудовы сядзібы Гутэн-Чапскіх. Відэа са слядамі пагрому апублікаваў мінскі фатограф photograph.gap у Threads.

На першым роліку — шэры двухпавярховы будынак ля сажалкі, вядомы як дом для рабочых. Тут выбіты амаль усе шклопакеты, шкляныя дзверы разбітыя і расчыненыя. На сценах — надпісы: «Паша + Нікіта» ў сэрцайку, «Маша», «Ваня».

На другім відэа — знявечаны чырвонацагляны бровар па суседстве: тут таксама разбіты вокны і намаляваныя графіці.

Аўтар відэа не стрымлівае эмоцый: паводле яго слоў, Прылукам «афіцыйна п***а»: вокны выбіты ва ўсіх будынках, а ўнутры нагаджана. Вінаватымі фатограф лічыць падлеткаў, якіх прывяла хваля папулярнасці.

«Так, месцы форсіць у трэдс нельга, ім пі***ц настае. Не першы раз», – пацвярджае іншы фатограф medwed.photo з Мінска.

Пацярпелыя будынкі — не проста закінутыя пабудовы. Гаспадарчы двор з’явіўся ў XIX стагоддзі разам з неагатычным палацам; бровар — па сутнасці навабуд 1990-х, адсюль сучасная цэгла і пластыкавыя вокны. Увесь ансамбль — палац, гаспадарчыя пабудовы і парк — значыцца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Гэта значыць, што вандалы не проста пашкодзілі чужую маёмасць, а здзейснілі злачынства паводле арт. 344 Крымінальнага кодэкса Беларусі, які прадугледжвае санкцыі аж да 12 гадоў пазбаўлення волі, калі вандалізм быў здзейснены не ў адзіночку.

Нагадаем, у кастрычніку аграгарадок Прылукі ператварыўся ў галоўную фотазону краіны. Хвалю запусцілі карыстальнікі instagram і threads: сядзібу параўноўвалі з дэкарацыямі «Змяркання» і «Навальнічнага перавала». Прычым фонам часцей выбіралі не адрэстаўраваны палац, а састарэлы гаспадарчы двор — свіран з аркадай, дом для рабочых, бровар. Жыхарам гэта хутка надакучыла: у сацсетках з’явіліся скаргі на застаўленыя машынамі вуліцы і смецце, аж да ідэі перакрыць уезд шлагбаумам. «Пакіньце Прылукі ў спакоі» — тыповая рэпліка з Threads тых тыдняў.

Рэклама

Пакінуць адказ