«Магчыма, мы апынуліся ў магутным месцы трансфармацыі»: Аляксандр Ждановіч і Вольга Сіліванчык пра выставу ў Варшаве, творчасць і выклікі эміграцыі
Reform.news · 17 лістапада 2026, 12:59
https://reform.news/be/magchyma-my-apynulisja-magutnym-mescy-transfarmacyi-aljaksandr-zhdanovich-i-volga-silivanchyk-pra-vystavu-varshave-tvorchasc-i-vykliki-jemigracyi/У Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве сёння адкрываецца выстава Вольгі Сіліванчык «Святло-Адчувальнасць». У межах праекта таксама адбудуцца мастацка-тэатральныя лабараторыі для дзяцей і дарослых разам з акторам Аляксандрам Ждановічам.
«Рым — Варшава — Беларусь: агульная культурная прастора» — ідэя, якая аб’ядноўвае праект. У жывапісе Вольгі Сіліванчык святло і колеры Італіі сустракаюцца з памяццю і роздумам пра Беларусь. У цэнтры яе творчасці — праца з натуры, атмасфера і непасрэднае ўражанне.
Творцы пазнаёміліся на здымках фільма пра беларусаў у Італіі. З таго часу іх жыццё падзелена паміж Польшчай і Італіяй.
Перад адкрыццём выставы паразмаўлялі з Аляксандрам Ждановічам і Вольгай Сіліванчык пра сумесныя праекты і розныя краіны.
Вольга Сіліванчык — беларуская мастачка, жывапісец і педагог. Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, цяпер жыве і працуе ў Італіі. Удзельніца рымскіх мастацкіх аб’яднанняў 100 Pittori di Via Margutta і Art Studio Tre, міжнародных выстаў, фестываляў і пленэраў, лаўрэатка мастацкіх конкурсаў і прэмій.
Аляксандр Ждановіч — беларускі актор тэатра і кіно, педагог, вядомы як шматгадовы вядучы дзіцячай праграмы «Калыханка». Стваральнік дзіцячай тэатральнай студыі «Радасць» і інклюзіўнага тэатральнага праекта, былы мастацкі кіраўнік міжнароднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы».

Выстава
– «Святло-Адчувальнасць» – гэта ваш агульны сумесны праект. Навошта такая складаная лагістыка? Перавозіць творы з Італіі, дамаўляцца з памяшканнем у Варшаве, ладзіць майстэрні? З якой мэтай вы арганізавалі гэты праект у такой складанай форме? Што чакаеце ад яго?
Аляксандр Ждановіч: Адказваючы на ваша пытанне, можна было б пабудаваць нейкі канцэптуальны, мудрагелісты адказ. Але ад сябе скажу шчыра: я проста хацеў, каб карціны Вольгі, з якімі я пазнаёміўся ў Італіі, убачылі ў Варшаве. Вось і ўсе. Вясной я прывёў яе ў Музей Вольнай Беларусі і сказаў: давайце зладзім выставу!
Магчыма, калі б я ведаў, з якімі складанасцямі нам прыйдзецца сутыкнуцца, апусціліся б рукі. Але часта калі вельмі жадаеш, калі маеш сапраўдную «блакітную мару», яна дапамагае і вядзе цябе!
Вольга Сіліванчык: Калі Саша прапанаваў арганізаваць маю выставу ў Варшаве, я, вядома, узрадавалася. Хоць выдатна разумела, які аб’ём працы нас чакае. Адна справа арганізаваць выставу там, дзе ты жывеш, і зусім іншая перавезці дзясяткі карцін праз палову Еўропы, вырашыць масу тэхнічных і арганізацыйных і фінансавых пытанняў.
Але для мяне сапраўды важна, што гэтая выстава адбудзецца менавіта ў Варшаве, дзе сёння жыве столькі беларусаў. За гады жыцця ў Італіі я стварыла цэлы жывапісны свет, якім мне даўно хочацца падзяліцца са сваімі суайчыннікамі.
Аляксандр Ждановіч: Для нас асабіста гэты праект – стварэнне прасторы, дзе мы можам аб’яднацца з Вольгай. Мы жывем у розных краінах, працуем у розных мастацкіх жанрах, але нас аб’ядноўвае Беларусь, памяць пра яе і жаданне працягваць ствараць беларускую культуру незалежна ад месца, у якім знаходзімся.

– Чаму такая назва выставы, і якія на ёй будуць творы і праекты?
Аляксандр Ждановіч: Назва «Святло-Адчувальнасць» нарадзілася з самой ідэі выставы. Выстава складаецца з дзвюх заляў, двух бакоў творчасці мастачкі: «святло» і «адчувальнасць». Першы – пленэрны жывапіс, створаны ў Рыме ды іншых кутках Італіі. Гэта карціны напоўненыя прыгажосцю і паэзіяй паўднёвай краіны.
Вольга Сіліванчык: Для мяне жывапіс пачынаецца са святла. Менавіта святло нараджае колер, стварае атмасферу, настрой. Мяне можа спыніць зусім звычайны куток горада, проста таму, што ў гэты момант на яго незвычайна падае святло. І мне хочацца адрызу захаваць сваё ўражанне на палатне.
А ў другой зале зусім іншы свет. Гэта працы, звязаныя з Беларуссю, з падзеямі 2020 года, лёсамі людзей, якія перажылі рэпрэсіі і эміграцыю. Гэта частка майго праекта «Голас надзеі», які я прадстаўляла ў Рыме ў 2024 годзе.
Але для мяне гэта не два асобныя светы. Гэта два бакі аднаго чалавека. Бо мастак не можа быць адчувальным толькі да прыгажосці святла і зусім неадчувальным да таго, што адбываецца вакол яго.
Аляксандр Ждановіч: Хацелася давесці да гледача думку пра тое, што нягледзячы на трагічны досвед, няважна, уласны досвед мастачкі ці наш агульны, заўсёды можна захоўваць і святло, і надзею. Можна быць адчувальным і да болю, і да прыгажосці, і гэта не супярэчыць адно аднаму.

Творчасць і сутворчасць
– Шчасце ў жыцці – знайсці свайго чалавека, унікальная рэч – знайсці таго, з кім можна яшчэ рабіць сумесныя праекты. Як вы ўяўляеце свой творчы тандэм, што кожны з вас дае іншаму?
Вольга Сіліванчык: Цікава ў нашым тандэме тое, што мы людзі розных творчых прафесій і ў кожнага ёсць свой свет. Саша акцёр, чалавек тэатра, літаратуры і слова. Я мастак, мыслю перадусім візуальнымі вобразамі, колерам і формай.
Аляксандр Ждановіч: Калі мы разам наведваем мастацкую выставу ці аглядаем спектакль – гэта пераўтвараецца ў гарачую дыскусію. Кожны з нас можа адкрыць другому шмат новага і цікавага. Нам цікава разам у жыцці. Хочацца, каб гэта адбілася і на тым, што мы робім разам і паасобку.
Наш саюз, тандэм, называйце як хочаце, з самага пачатку мы бачылі як творчы. Ідэя рабіць нешта вар’яцкі-цудоўнае разам прывяла нас да тэатральна-мастацкай лабараторыі. Бла-бла-латорыі, як я жартую. Мастачка + актор + дзеці. Асноўным быў план звязаны з монатыпіяй, творчай гульнёй на развіццё візуальнай фантазіі. Ад тэатра мы дадалі акторскія ажыўленні нафантазаваных персанажаў.
Мы маем шматлікія цікавыя планы. Стварэнне лялечнага тэатрыка. Ілюстраванне новых кніжак. Усе толькі пачынаецца…

– Вольга, у вас да жывапісу быў няпросты шлях. Чаму вы пачалі пісаць карціны?
Вольга Сіліванчык: Жывапіс стаў маім усвядомленым прафесійным выбарам яшчэ ў 2003 годзе. З тых часоў ён развіваўся паралельна з маёй працай у кіналогіі.
Пасля пераезду ў Італію абставіны склаліся так, што я цалкам засяродзілася на жывапісе і выкладанні. Рым з яго неверагодным мастацкім асяроддзем стаў для мяне велізарнай крыніцай натхнення і адкрыў новыя творчыя магчымасці.
Была і больш празаічная прычына: праблемы з хрыбетнікам і перанесеная аперацыя. Праца кінолага патрабуе сур’ёзных фізічных нагрузак, якія сталі для мяне немагчымыя. Вядома, працу мастака таксама не назавеш лёгкай, але ў маёй сітуацыі яна апынулася больш прыдатнай.
Так што жывапіс не стаў нечаканай зменай прафесіі. Хутчэй, з двух кірункаў, якімі я займалася шмат гадоў, адзін паступова стаў галоўнай справай майго жыцця.
– Аляксандр, вы звярнуліся да малявання пасля сустрэчы з Вольгай. Ці гэта быў працяг ранейшых творчых пошукаў?
Аляксандр Ждановіч: Я маляваў паўжыцця. У Мінску некалькі разоў ладзілі невялічкія выставы маіх работ у тэатры, дзе я служыў, у музеі тэатра і музыкі. Два гады вучыўся на іканапісных курсах. Але пасля 2020 года нешта абарвалася ўнутры, тады я думаў, што назаўжды. І вось сустрэча з цудоўнай мастачкай не тое, каб натхніла… Я б яшчэ гады чакаў натхнення. Проста Вольга сказала: вось табе палатно, вось пэндзлі, сядай, працуй! У выніку адна з маіх карцін цяпер у калекцыі сям’і Шыліных, якія ладзяць выставы беларускіх мастакоў у еўрапейскіх гарадах. Жыццё – непрадказальнае!

Эміграцыя як месца сілы
– Што дае творчасць у эміграцыі – магчымасць абстрагавацца, знаходзіць новыя сувязі і знаёмствы? Ці наадварот – новыя складанасці? Што не хапае вам як творцам – каманды, памяшкання, падтрымкі інстытуцыяў? Што трэба для творчага шчасця?
Вольга Сіліванчык: Для мяне жывапіс з’яўляецца спосабам быць шчаслівай. Я шчаслівая, калі пішу. Мне добра ў самім працэсе.
І ў эміграцыі гэта асабліва важна. Калі вакол столькі нявызначанасці, калі многае даводзіцца пачынаць зноўку, творчасць становіцца тым, што дапамагае захаваць унутраную апору.
Вядома, эміграцыя для мастака звязаная і з цяжкасцямі. Ты апынаешся ў іншым культурным і прафесійным асяроддзі, дзе трэба зноўку выбудоўваць сувязі, шукаць магчымасці працаваць, выстаўляцца, знаходзіць свайго гледача. Гэта няпроста.
Але адначасова эміграцыя адкрывае новыя гарызонты. Я пазнаёмілася з цікавымі людзьмі, удзельнічаю ў міжнародных пленэрах і выставах. Сама стала аўтарам творчых праектаў і педагагічных праграм.
Аляксандр Ждановіч: Не толькі творчасць, але звычайнае жыццё ў эміграцыі – гэта выклік. Не кожны можа даць гэтаму рады. Твой прафесійны статус губляецца. Трэба пераадольваць шмат перашкод, моўных, культурніцкіх, фінансава-бытавых.
Але, з іншага боку, такую сітуацыю можна ўспрыняць, як трамплін, бо… каб зрабіць віно, трэба раздушыць вінаград, дыяменты ўтвараюцца пад ціскам, з аліў выціскаецца алей, насенне расце ў цемры. Таму калі мы пачуваемся раздушаным, пад ціскам ці ў цемры, важна памятаць – магчыма, мы апынуліся ў магутным месцы транфармацыі. Можна скарыстацца гэтым, каб адкрыць для сябе новыя шляхі і новыя здольнасці…
Выстава адкрыецца сёння, 17 лістапада, у Музеі Вольнай Беларусі па адрасе: Foksal 11/1, Варшава. І будзе працаваць да 30 лістапада.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
