Афіцэра-ідэолага з Гродна асудзілі па палітычнай справе
Рэдакцыя Reform.news · 14 лістапада 2026, 15:32
https://reform.news/be/aficjera-idjeolaga-z-grodna-asudzili-pa-palitychnaj-sprave/У Беларусі 34-гадовага афіцэра-ідэолага з Гродна Паўла Кізюка прысудзілі да пазбаўлення волі па палітычнай крымінальнай справе. Раней праваабаронцы паведамлялі, што яго судзяць за «здраду дзяржаве», аднак у выніку мужчыну прызналі вінаватым паводле іншага артыкула, піша «Наша Ніва».
Паводле даных апублікаванага КДБ спісу асоб, датычных да «тэрарыстычнай дзейнасці», Кізюка асудзілі паводле артыкула 361 Крымінальнага кодэкса Беларусі (заклікі да санкцый). Выданне мяркуе, што падчас следства абвінавачанне маглі перакваліфікаваць або ўдакладніць.
Дакладны тэрмін пакарання невядомы, але адзначаецца, што мужчыну прысудзілі да калоніі.
Паўла Кізюка затрымалі 5 красавіка 2025 года. Ён родам з Гродзенскага раёна, у 2009 годзе скончыў Індурскую сярэднюю школу, пасля чаго паступіў на агульнавайсковы факультэт Ваеннай акадэміі Беларусі. У 2013 годзе атрымаў спецыяльнасць «Ідэалагічная работа ва Узброеных сілах».
Ён служыў у 74-м асобным палку сувязі Заходняга аператыўнага камандавання ў Гродне. Як мінімум у 2020 годзе Кізюк меў званне капітана і займаў пасаду намесніка камандзіра батальёна сувязі па ідэалагічнай рабоце.
У 2022 годзе ён абараніў магістарскую дысертацыю па псіхалогіі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. Яго даследаванне было прысвечана ўзаемасувязі сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі і эмацыйнага інтэлекту вайскоўцаў тэрміновай службы.
