«Кіберпартызаны» падлічылі колькасць беларусаў, якія загінулі на вайне на баку Расіі
Рэдакцыя Reform.news · 13 лістапада 2026, 17:47
https://reform.news/be/kiberpartyzany-padlichyli-kolkasc-belarusa-jakija-zaginuli-na-vajne-na-baku-rasii/З пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну на баку Расіі загінулі не менш за 730 грамадзян Беларусі. Да такой высновы прыйшла група «Кіберпартызаны», прааналізаваўшы базы даных расійскага Расстата, уцечкі з беларускіх дзяржаўных рэестраў і звесткі праекта «Хачу жыць».
Паводле даных «Кіберпартызанаў», у базе памерлых Расстата ўдалося ўстанавіць 503 грамадзян Беларусі, якія загінулі да жніўня 2026 года. Яшчэ 15 чалавек былі выяўленыя па беларускіх базах даных, у якіх з 2022 года фіксаваліся смерці з «ваеннымі» прычынамі. Гэтыя звесткі ахопліваюць перыяд да канца 2024 года. Акрамя таго, выкарыстоўваліся даныя ўкраінскага праекта «Хачу жыць», згодна з якімі да канца 2025 года загінулі яшчэ 212 беларускіх грамадзян, якія ўдзельнічалі ў вайне на баку Расіі.
Такім чынам, агульная колькасць устаноўленых загінулых за перыяд з 2022 па 2026 год склала не менш за 730 чалавек.
Падкрэсліваецца, што гаворка ідзе толькі пра выпадкі, якія ўдалося дакументальна зафіксаваць. Паводле ацэнкі хактывістаў, рэальныя страты беларускіх грамадзян могуць быць значна вышэйшымі.
“Сярэднегадавыя страты грамадзян РБ у цяперашняй вайне прыкладна ў 2 разы вышэйшыя, чым у Афганістане”, – заявілі «Кіберпартызаны».
