Reform.news

Ціханоўская абмеркавала з прэм’ерам Харватыі працяг дапамогі рэпрэсаваным беларусам

Рэдакцыя Reform.news · 13 лістапада 2026, 15:26

https://reform.news/be/cihano-skaja-abmerkavala-z-prjem-eram-harvatyi-pracjag-dapamogi-rjeprjesavanym-belarusam/

Святлана Ціханоўская абмеркавала з прэм’ер-міністрам Харватыі Андрэем Пленкавічам працяг дапамогі беларусам, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій. Яна таксама заклікала захаваць ціск на рэжым Лукашэнкі і не дапусціць, каб у выніку мірных перамоваў па Украіне Беларусь засталася пад кантролем Расіі.

Сустрэча адбылася на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне.

Ціханоўская падзякавала Харватыі за падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл, запрашэнні на саміты Ініцыятывы трох мораў і ўдзел у Міжнародным гуманітарным фондзе дапамогі рэпрэсаваным беларусам. Як адзначылі ў Офісе лідара дэмсіл, дзякуючы фонду дапамогу ўжо атрымалі былыя палітвязні і іншыя пацярпелыя ад рэпрэсій. Бакі абмеркавалі працяг гэтай ініцыятывы.

«Мы вельмі цэнім дапамогу Харватыі. Для тысяч людзей, якія выйшлі з турмаў, страцілі працу, здароўе, былі вымушаныя пакінуць Беларусь, гэта магчымасць пачаць жыццё нанова. І вельмі важна, каб такая дапамога працягвалася. Яе заўсёды недастаткова», – заявіла Ціханоўская.

Яна падкрэсліла, што ў Беларусі працягваюцца затрыманні і палітычны пераслед. Паводле яе слоў, гаварыць пра рэальныя змены ў палітыцы беларускіх уладаў можна будзе толькі пасля вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення рэпрэсій на працяглы перыяд.

Асобнай тэмай сустрэчы стала расійска-ўкраінская вайна і перамовы, якія працягваюцца. Ціханоўская заявіла пра неабходнасць удзелу Еўропы ў перамоўным працэсе.

«Цяпер, калі ідуць перамовы, асабліва важна працягваць падтрымку Украіны. Еўропа павінна быць за сталом перамоваў. Лёс народаў не можа вырашацца за іх спінамі. Для беларусаў прынцыпова важна, каб мірныя дамоўленасці не замацавалі статус-кво, пры якім Беларусь дэ-факта застаецца расійскім сатэлітам», – падкрэсліла яна.

“Нельга пакідаць беларусаў за новай жалезнай заслонай. Але нельга і саступаць рэжыму Лукашэнкі, які разам з Расіяй спрабуе раскалоць еўрапейскае адзінства. Трэба адначасова падтрымліваць беларускі народ і захоўваць ціск на рэжым”, – заявіла яна.

Рэклама

Пакінуць адказ