Reform.news

«Новы ўзровень дна». Ля ўваходу ў Мінскі заапарк паставілі вясёлага гуся з рэкламай казіно

Рэдакцыя Reform.news · 12 лістапада 2026, 17:49

https://reform.news/be/novy-zroven-dna-lja-vahodu-minski-zaapark-pastavili-vjasjolaga-gusja-z-rjeklamaj-kazino/

У гусей у Мінскім заапарку новы апякун, а ў самога заапарка – новая фігура на ўваходзе: адразу за турнікетамі наведвальнікаў сустракае вясёлы гусь у жоўтай футболцы з лагатыпам анлайн-казіно Maxline – маскот рэкламнай кампаніі «Круці гуся». У раздзеле апекі на сайце заапарка сказана, што Maxline дапамагае ўтрымліваць хатніх гусей. Відаць, гэта і стала прычынай з’яўлення яго рэкламы на ўваходзе.

Фота ў Threads размясціла merpic_art: «Вам не здаецца, што маскот казіно на ўваходзе ў заапарк, куды пераважна ходзяць дзеці – гэта ўжо новы ўзровень дна?», – задаецца яна пытаннем.

«Сапраўдны кашмар і бязладдзе», – каментуе tottori_d.

«Гэта дрэнна, але я ў такія моманты ўспамінаю фразу “чыя бабкі, таго і тапкі”. Гэта бізнес, нічога асабістага, на жаль», – па-філасофску адзначае yahorkuzniatsou.

«Заапарк вас здзіўляе? Ужо даўно на дзіцячых святах прома-сувеніры анлайн-казіно раздаюць…» – піша doktor.kott.

Сама апека для Мінскага заапарка – звычайная практыка: альпаку, напрыклад, апякуе аўтацэнтр. На сайце заапарка пазначана, што ён «шукае сяброў»: людзі і кампаніі могуць ахвяраваць грошы на ўтрыманне канкрэтнай жывёлы, а ў адказ атрымаць публічную падзяку на сайце. Але ў выпадку з казіно Maxline справа пайшла далей, і рэклама з’явілася проста ля ўваходу ў заапарк.

Рэклама

Пакінуць адказ